Вяртаецца справа вязьніцаў ЦРУ ў Польшчы
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Anna Zadrożna
                        
                        27.03.2012 17:28
                    
                                 
                
                
                    Варшаўская пракуратура выставіла абвінавачаньне былому кіраўніку выведкі яшчэ 10-га студзеня.
                
                
                    
                        
                     
                
                
                
               
                
                         
  Варшаўская пракуратура абвінаваціла былога кіраўніка Агенцтва выведкі Зьбігнева Семянткоўскага па справе вязьніцаў ЦРУ на тэрыторыі Польшчы.
Як паведаміла сёньняшняе выданьне „Gazeta Wyborcza”, Семянткоўскі быў абвінавачаны ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў ды парушэньні міжнароднага заканадаўства шляхам „бяспраўнага пазбаўленьня свабоды” й „прымяненьня фізычнага зьдзеку” у дачыненьні да ваеннапалонных.
Паводле выданьня, Варшаўская пракуратура выставіла абвінавачаньне былому кіраўніку разьведкі яшчэ 10-га студзеня, але гэты факт ня быў агучаны, паколькі справа мае сакрэтны характар.
Тым часам Кракаўская апэляцыйная пракуратура паведаміла, што аналіз матэрыялаў па справе магчымага існаваньня ў Польшчы вязьніцаў ЦРУ набліжаецца да канца. Пасьля ейнага заканчэньня будзе прынятае рашэньне пра тое, ці трэба паклікаць адмысловую групу пракурораў.
Справай магчымых вязьніцаў ЦРУ ў Эўропе зоймуцца сёньня таксама эўрадэпутаты з Камісіі грамадзянскіх свабодаў і справядлівасьці. У сустрэчы ня будзе ўдзельнічаць генпракурор Польшчы Анджэй Сэрэмат , а таксама прадстаўнікі Румыніі й Летувы.
аз