Logo Polskiego Radia
Print

Хочаш атрымаць датацыю з ЭЗ?

PR dla Zagranicy
Karolina Rusinowicz 23.01.2012 17:01
Наймі чыноўніка, раіць саркастычна „Dziennik Gazeta Prawna” .

Чыноўнікі, якія займаюцца прызнаваньнем датацыяў са сродкаў ЭЗ, карыстаюцца „прабелам у заканадаўстве” ды пасьля працы запаўняюць дакумэнты жадаючым атрымаць гэтыя датацыі. Фірмы ім плацяць, паколькі такім чынам павялічваюць свае шанцы перамагчы ў тым ці іншым тэндары.

І гэтая зьява ўжо даволі папулярная. Звычайныя чыноўнікі не зьвяртаюцца са сваёй прапановай непасрэдна да прадпрымальнікаў, а да дарадчыцкіх фірмаў, якія дапамагаюць атрымаць датацыю.

- У асяродзьдзі чыноўнікаў вядома, што пад разгляд трапляюць дакумэнты, запоўненыя асобамі, якія альбо працуюць ва ўстановах падобнага профілю, альбо нейкім чынам павязаныя з гэтымі ўстановамі, - распавядае штодзёнцы выканаўчы дырэктар адной зь фірмаў, што займаецца перападрыхтоўкай кадраў.

Такім чынам дзейнічае чыноўнік з Вармінска-Мазурскага ваяводзтва. У электронным лісьце да патэнцыйных кліентаў ён хваліццца, што летась здабыў для прадпрымальнікаў эўрапейскія датацыі амаль на 6 мільёнаў злотых.

За праверку й выпраўленьне памылак у дакумэтах на прызнаньне датацыі ён бярэ 500 злотых. Калі фірме прызнаюць датацыю – тады яшчэ 1 тысячу злотых. Каб пазьбегнуць абвінавачаньня ў тым, што ён запаўняе дакумэнты, якія пазьней сам ацэньвае, чыноўнік працуе толькі для прадпрымальнікаў зь іншых ваяводзтваў. Фірма, якая заінвэставала ў такую „паслугу”, атрымлівае перавагу ў тэндары, паколькі чыноўнік добра ведае эўрапейскія працэдуры й патрабаваньні.

Працэдура, хаця й неэтычная, затое легальная. Крымінальная адказнасьць да 3 гадоў пазбаўленьня свабоды пагражае выключна ў выпадку, калі чыноўнік разглядае дакумэнты, якія сам запоўніў.

У дадзеным выпадку прадпрымальнікі, якія самастойна запоўнілі дакумэнты й без пасярэдніцтва дарадчыцкіх фірмаў стартуюць у тэндарах, найчасьцей знаходзяцца на прайгранай пазыцыі. Больш за тое, чыноўнікі, якія займаюцца неэтычнай дзейнасьцю, могуць „скрасьці” іх прапановы і ўпісаць у замоўленыя дакумэнты. А давесьці інтэлектуальны крадзеж вельмі складана.

кр

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт