МЗС хоча пераняць апеку над палякамі замежжа
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
15.11.2011 20:25
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, плянаў МЗС не падтрымлівае старшыня Сэнату Богдан Барусэвіч.
Міністэрства замежных справаў хоча пераняць ад Сэнату - вышэйшай палаты польскага парлямэнту - сродкі, прызначаныя на фінансаваньне дзейнасьці асяродзьдзя палякаў за мяжой.
Гэта на пачатку верасьня запрапанаваў кіраўнік польскай дыпляматыі Радаслаў Сікорскі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, супраць згаданай ідэі выступае старшыня Сэнату Богдан Барусэвіч.
Гаворка ідзе пра 75 мільёнаў злотых, якія ў бюджэце краіны на будучы год выдзяляюцца на дзейнасьць палякаў замежжа. МЗС аргумэнтуе, што яно лепш, чым Сэнат, арыентуецца ў справах палякаў у сьвеце.
Прэс-сакратар МЗС Марцін Басацкі пераконвае, што дзякуючы сваім ведам міністэрства можа лепш выкарыстаць згаданыя сродкі.
Марцін Басацкі: МЗС на падставе Асноўнага закону адказвае за дапамогу палякам замежжа. Да гэтай пары галоўны інструмэнт згаданай дапамогі заставаўся па-за міністэрствам - у руках Сэнату. Мы спадзяемся, што міністэрства атрымае магчымасьць рашуча ўплываць на згаданы інструмэнт, бо гэта нашыя дыпляматы й консулы маюць найбольшыя веды ды могуць пастаянна кантраляваць разьмеркаваньне згаданых сродкаў.
- лічыць прэс-сакратар МЗС Марцін Басацкі.
Канчатковае рашэньне па гэтай справе прыме кіраўнік польскага ўраду пасьля кансультацыяў зь міністрам фінансаў. Калі б МЗС пераняў грошы для палякаў замежжа, разьмеркаваньнем сродкаў заняўся б ягоны Дэпартамэнт Палёніі.
Без грошай для палякаў за мяжой бюджэт Міністэрства замежных справаў на будучы год складзе 1 мільярд 700 мільёнаў злотых, у тым ліку 40 мільёнаў прызначаныя на консульскую дзейнасьць, то бок дапамогу ў нечаканых выпадках.
Нагадаем, сродкі на дзейнасьць палякаў замежжа, якімі цяпер распараджаецца Сэнат, прызначаюцца на дапамогу польскім арганізацыям і асяродзьдзям за мяжой.
Вышэйшая палата польскага парлямэнту - Сэнат, апякуецца палякамі замежжа ад 1929 году.
аз