Logo Polskiego Radia
Print

Вышэйшая кантрольная палата падрыхтавала даклад пра рэформу адукацыі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.05.2019 15:28
У кожнай трэцяй школе пагоршыліся ўмовы вучобы, зьмены былі дрэнна падрыхтаваныя.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0 Public Domain

Даклад аб катастрофе ў адукацыі – пад такім загалоўкам «Gazeta Wyborcza» друкуе артыкул пра наступствы рэформы адукацыйнай сыстэмы ў Польшчы – ліквідацыі гімназій і падаўжэньне тэрміну вучобы ў пачатковых школах з шасьці да васьмі гадоў. У кожнай трэцяй школе пагоршыліся ўмовы вучобы, зьмены былі дрэнна падрыхтаваныя, не было неабходных фінансавых ды арганізацыйных аналізаў – гэтак Вышэйшая кантрольная палата падсумоўвае рэформу.

Анкеты палаты запоўнілі амаль 7 тыс. дырэктараў школ, як іх установа спраўляецца са зьменамі. Аказалася, што дрэнна. У многіх школах не хапае памяшканьняў, каб наладзіць паўнавартасныя заняткі, настаўнікі працуюць у некалькіх школах, каб набраць поўную стаўку. У выніку вучням нярэдка прыходзіцца чакаць, калі настаўнік прыедзе да іх, напрыклад, у адной са школ у горадзе Чэрвеньск у школьнікаў было акенца ў 3 г. 55 хв., паколькі тамашнія хімік і фізык працуюць у пяці адукацыйных установах, а дырэктару прыходзіцца пад іх падстройвацца.

Праблемай зьяўляецца таксама новая праграма навучаньня. Настаўнікі кажуць, што яна перагружаная, шмат непатрэбнай або неістотнай інфармацыі, вучні надта стомленыя, у іх няма часу на сапраўды важныя і патрэбныя рэчы.

Даклад ВКП сьведчыць таксама пра тое, што муніцыпальныя органы ўзялі на сябе значную частку коштаў, зьвязаных з рэформай, не атрымалі з дзяржаўнага бюджэту неабходных фінансавых сродкаў.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт