Будзе больш пасажыраў у польскіх аэрапортах
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
15.04.2019 14:35
Сёлета польскія лётнішчы абслужаць на 10,5% больш пасажыраў, чым у мінулым годзе.
Foto: pixabay.com/CC0
Гэта вынікае са справаздачы «Прагнозы разьвіцьця авіяцыйнага рынку ў 2019 годзе».
У дакумэнце зазначаецца, што польская авіяцыйная прамысловасьць мае адзін з найбольшых патэнцыялаў разьвіцьця ў Эўропе.
Паводле аўтараў рапарту, сёлета колькасьць пасажыраў у польскіх аэрапортах перавысіць 50 мільёнаў чалавек. Разам з тым, гэта азначае, што рост колькасьці пасажыраў у параўнаньні з мінулым годам зьменшыцца з 15% да 10,5%.
Падзеньне росту можа быць выклікана запаволеньнем тэмпаў эканамічнага росту і завяршэньнем цэнавай вайны паміж авіяперавозьнікамі.
Летась найбольшы рост колькасьці пасажыраў быў зафіксаваны ў аэрапорце Познань-Лавіца – ажно 34%, пасажырскі рух у варшаўскім аэрапорце Окенце павялічыўся на 13%.
На авіярынку ў Польшчы дамінуюць тры авіякампаніі: Ryanair, польскі LOT і Wizz Air, на іх прыпадае 77% усіх пасажырскіх авіяперавозак. Згодна з прагнозам, польскі нацыянальны перавозьнік можа ў гэтым годзе палепшыць сваю пазыцыю на рынку.
ПР/юл