У Польшчы танее электрычнасьць
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
07.04.2019 16:11
Некаторыя спажыўцы будуць плаціць 7,4% менш з-за больш нізкіх тарыфаў.
Foto: pixabay.com/CC0
З суботы ў Польшчы дзейнічае новы тарыф энэргаапэратара фірмы «Enea», зацьверджаны ў сакавіку кіраўніком Упраўленьня па рэгуляваньні энэргетыкі.
Дыстрыбʼютар паведаміў, што хатнія гаспадаркі будуць сёлета плаціць на 7,4% менш за пастаўкі электраэнэргіі.
Зьніжэньне тарыфаў вынікае, у прыватнасьці, са зьмяншэньня ставак тарыфу за перасыл энэргіі, згодна з прынятымі ў сьнежні мінулага года папраўкамі ў закон. Новы тарыф будзе дзейнічаць да 31 сьнежня 2019 года.
Кампанія паведаміла ў прэс-рэлізе, што, у адпаведнасьці з новымі стаўкамі тарыфаў за перасыл электраэнэргіі цэны для ўсіх тарыфных груп скароцяцца ў сярэднім на 3,3%. Найбольшае зьніжэньне збораў адчуюць хатнія гаспадаркі.
Апэратар «Enea» зьяўляецца адным з чатырох найбуйнейшых дыстрыбʼютараў электраэнэргіі ў Польшчы. Кампанія пастаўляе электраэнэргію 2,6 мільёнам кліентаў у паўночна-заходняй частцы краіны. Летась кампанія паставіла больш 19,9 мільярдаў кВт/г. электраэнэргіі.
ПР/юл