У Сэйме і Сэнаце цікавяцца заробкамі ў Нацбанку
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
08.02.2019 10:11
Сэйм і Сэнат разглядаюць закон аб адкрытасьці даных пра заробкі ў Нацыянальным банку.
Фота: pixabay.com
31 студзеня Сэйм прыняў закон аб адкрытасьці даных пра заробкі ў Нацыянальным банку Польшчы.
Сэнат унёс у закон папраўкі.
Дэпутаты Сэйма разгледзяць іх 20 лютага.
Закон вызначае верхнюю мяжу ўзнагароджаньня кіраўніцтва НБП. Адзначана, што заробкі ня могуць быць большымі за 60 працэнтаў ад зарплаты кіраўніка банка.
У той жа час член Сэната Польшчы ад партыі «Права і справядлівасьць» Ян Марыя Яцкоўскі мае намер зноў накіраваць запыт да старшыні Нацыянальнага банка Польшчы пра заробкі яго бліжэйшых супрацоўнікаў.
Гаворка ідзе пра начальніка аддзела грамадзкіх сувязей і рэклямы Мартыну Вайцяхоўскую і дырэктара канцылярыі старшыні НБП Камілю Сукеньнік.
Паводле даных, апублікаваных у СМІ, яны атрымліваюць завышаныя заробкі — каля 65 тыс. злотых (больш за 15 тыс. эўра).
У канцы мінулага года Ян Марыя Яцкоўскі ўжо накіроўваў запыты па гэтым пытаньні, аднак адказ, які ён атрымаў ад НБП, «не зьяўляецца здавальняючым».
На думку Эўрапейскага цэнтральнага банка, зьніжэньне заработнай платы ў НБП несумяшчальна з прынцыпам фінансавай незалежнасьці, бо адмоўна паўплывае на здольнасьць банка наймаць і ўтрымліваць супрацоўнікаў.
IAR/вк