Варшава можа стаць другім Нэапалем
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
09.01.2019 15:23
Усё больш гмін аб’яўляе, што яны не вывозяць адкідаў, бо была парваная дамова з фірмай, якая гэтым займалася.
Photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0
Горы сьмецьця на вуліцах гарадоў Мазавецкага ваяводзтва (цэнтральная частка Польшчы), як у Нэапалі – гэта чорны сцэнар, які пакрысе можа стаць рэальным. Чарговыя гміны аб’яўляюць, што яны не вывозяць адкідаў, бо была парваная дамова з фірмай, якая гэтым займалася. Часам сьмецьцявозаў няма нават і тыдзень-два – піша «Dziennik Gazeta Prawna». Жыхары прымушаныя зьбіраць сьмецьце ў мяшках, чакаючы, калі муніцыпальныя органы дамовяцца з іншай фірмай, каб яна вывезла адкіды.
Паводле нормаў ЭЗ, муніцыпальныя органы з новага году павінны значна павысіць стандарты перапрацоўкі сьмецьця, але за прапанаваныя стаўкі прадпрыемствы перапрацоўкі адкідаў адмаўляюцца гэта рабіць. А гміны баяцца павышаць аплаты для жыхароў за вываз сьмецьця. Справа ў тым, што па боку фірмаў кошты дзейнасьці пастаянна растуць, напрыклад, значна павысіліся стаўкі за карыстаньне навакольным асяродзьдзем, а фінансаваньне з муніцыпальных органаў не павялічваецца. Фірмы патрабуюць вышэйшых ставак за вываз сьмецьця, а калі іх не атрымліваюць, то парываюць дамоўленасьці з дзяржаўнай адміністрацыяй.
Кошты вывазу сьмецьця растуць між іншым па прычынах, якія не заўсёды залежаць ад польскіх кіруючых сілаў. Напрыклад, гэта павышэньне патрабаваньняў з боку Эўрапейскага Зьвязу, але таксама меншая колькасьць сьмецьця, якое згаджаецца прымаць Кітай. Гэтая дзяржава перастала скупляць вялікія колькасьці другаснай сыравіны, як у мінулыя гады.
У іншых польскіх рэгіёнах назіраюцца падобныя праблемы, як у Мазовіі, хаця ў крыху меншым маштабе.
Dziennik Gazeta Prawna/нг