Галоўнае ўпраўленьне статыстыкі паведаміла пра рост экспарту польскіх прадуктаў харчаваньня на 5% за тры кварталы году ў параўнаньні з падобным пэрыядам мінулага году. Назіраецца рост вартасьці экспартаваных прадуктаў, колькасьць таксама павялічылася – на 2%.
Найбольш Польшча прадае ў краіны Эўрапейскага Зьвязу. Гэтаму спрыяе адлегласьць і свабодны рынак.
Польская ежа мае перавагу як па цане, так i па якасьці. Значная частка прадаецца ў тых краінах, у якія эмігруюць грамадзяне Польшчы. Тым ня менш, Польшча павінна заваёўваць новыя рынкі - адзначае старшыня Польскай фэдэрацыі вытворцаў ежы Анджэй Гантнэр.
А.Гантнэр: 80% усяго нашага экспарту паступае на эўрапейскія рынкі. З гэтага 5 дзяржаваў зьяўляюцца асновай нашага продажу. Гэта Нямеччына, наш найбольшы гандлёвы партнэр, і Вялікабрытанія. Спадзяемся, што брэксіт не пашкодзіць. Гэта таксама Францыя, Нідэрлянды, Чэхія. 20% паступае ў трэція краіны.
Над пашырэньнем рынку працуе Эўрапейская камісія. Эўразьвяз дамаўляецца пра свабодны гандаль з паасобнымі краінамі, напрыклад, з Канадай, з Японіяй. Усе бачаць, што ЭЗ, у тым ліку Польшча, без экспарту ў трэція краіны ня справіцца і ўвойдзе ў этап спаду.
Канкурэнцыя на азіяцкіх рынках, у тым індускім, кітайскім, арабскім вельмі вялікая. Гаворка ідзе пра краіны звонку ЭЗ. Трэба адзначыць, што кошты вытворчасьці ў краінах ЭЗ значна большыя, чым у буйных гульцоў звонку ЭЗ.
Гэта яскрава бачна на польскім рынку, дзе польскія вытворцы спаборнічаюць з гэтак званымі бязмытнымі кантынгентамі з Украіны. Украінская ежа каштуе менш, чым польская.
На неабходнасьць разьвіцьця гандлю з краінамі, якія разьвіваюцца, зьвяртае таксама ўвагу міністар сельскай гаспадаркі Польшчы Ян Кшыштаф Арданоўскі. Міністар падкрэсьлівае, што ўжо сёньня Польшча вырабляе ежу для Блізкага ці Далёкага Ўсходу, а таксама для афрыканскіх дзяржаваў.
Я.К.Арданоўскі: Там запатрабаваная вялікая колькасьць мяса, зразумела мяса халяль, і гэта не сьвініна, а ялавічына і кураціна, якія паходзяць са спосабу забою, прымальнага жыхарамі ісламскага сьвету. Таксама запатрабаваныя вялікія колькасьці малочных прадуктаў з кароткімі тэрмінамі прыдатнасьці. Бо сьвет ня хоча тавару, у якога паўгоду ці год прыдатнасьці. У сувязі з гэтым узьнікае пытаньне хуткага транспарту і лягістыкі. Існуе вялікая запатрабаванасьць на цукар, а Польшча зьяўляецца буйным вытворцам цукру. У мусульманскіх краінах запатрабаныя кандытарскія вырабы, мёд, таксама сокі з нашай садавіны і агародніны. Асартымэнт прадукцыі вельмі шырокі. Нам толькі трэба прабіць шляхі і паставіць на гэты рынак нашыя прадукты.
Міністар Арданоўскі вялікія шанцы для польскай вытворчасьці прадуктаў харчаваньня бачыць у супрацоўніцтве арабскіх інвэстараў з польскім сельска-гаспадарчым сэктарам.
Экспарт польскай ежы за цэлы 2018 год сягае 30 мільярдаў эўра. Дакладныя дадзеныя будуць вядомыя на пачатку новага году.
яс
Эфірнф выпуск перадачы Пульс польскай эканомікі ў далучаным файле