Польскі прэм'ер-міністар разьвітаўся зь Людмілай Аляксеевай
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Natalia  Szymkowiak
                        
                        09.12.2018 14:27
                    
                                 
                
                
                    Легендарная праваабаронца памерла ў суботу вечарам ва ўзросьце 91 году.
                
                
                    
                        
Л. Аляксеева на акцыі пратэсту ў рамках руху «Стратегія-31». 31 студзеня 2010 г.photo: wikipedia.org/CC0 Creative Commons
                     
                
                
                
               
                
                         Прэм’ер-міністар Польшчы згадаў на Твітэрs пра памерлую ўчора расейскую праваабаронцу Людмілу Аляксееву. «Я схіляю галаву... Усе, хто пацярпеў ад таталітарнага рэжыму, захаваюць яе ва ўдзячнай памяці», – напісаў Матэвуш Маравецкі.
Таксама польскае Міністэрства замежных спраў разьвіталася з Аляксеевай. «Памерла Людміла Аляксеева – яна была да канца актыўная, выхавала цэлыя пакаленьні расейскіх праваабаронцаў, марыла пра дэмакратычную Расею. Яе грамадзянскае стаўленьне застанецца для нас на заўсёды прыкладам», – напісана на Твітэры МЗС.
Легендарная праваабаронца памерла ў суботу вечарам ва ўзросьце 91 году ў адной з маскоўскіх бальніц. Яе называлі сымбалем расейскай грамадзянскай супольнасьці. Аляксеева кіравала найстарэйшай праваабарончай арганізацыяй Расеі – Маскоўскай хэльсынскай групай.
Сучасную Расею Аляксеева лічыла дзяржавай, якой далёка да дэмакратычнай, тым ня менш, яна казала, што свабоды ў ёй усё ж такі больш, чым у Савецкім Саюзе, а праваабаронцам працаваць значна лягчэй. Наконт Польшчы яна адзначала, што расейцы жахліва вінаватыя перад палякамі за Катынскае злачынства, але самым подлым яна назвала нападзеньне СССР на Польшчу разам зь гітлераўскай Нямеччынай у 1939 годзе. «Прабачце нам, калі сумееце», – зьвярнулася Аляксеева да палякаў на прэзэнтацыі ў Маскве кнігі «Забітыя ў Катыні».
Аляксеева была ляўрэаткай шматлікіх узнагарод, у тым ліку міністра замежных спраў Польшчы, двойчы была намінаваная на Нобэлеўскую прэмію міру.
ІАР/нг