Logo Polskiego Radia
Print

Ватыкан выдаў згоду на пачатак бэатыфікацыйнага працэсу ксяндза Котляжа

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 17.11.2018 16:09
  • Раман Котляж.mp3
Сьвятар быў нефармальным душпастырам польскіх працоўных, якія пратэставалі ў чэрвені 1976 году.
Памятная табліца ксяндза Рамана Котляжа ў Канямлотах.Памятная табліца ксяндза Рамана Котляжа ў Канямлотах.By Jarosław Kruk - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=3933854

Апостальскі пасад выдаў згоду на пачатак бэатыфікацыйнага працэсу ксяндза Рамана Котляжа. Сьвятар быў нефармальным душпастырам працоўных, якія пратэставалі ў чэрвені 1976 году.

Ксёндз Котляж падтрымліваў людзей, якія збунтаваліся супраць камуністычнай улады. У адказ функцыянэры СБ неаднаразова яго перасьледавалі. Ён знаходзіўся пад сталым назіраньнем тайных спэцслужб. У сваім касьцёле ён гаварыў патрыятычныя казаньні, якія запісвалі і аналізавалі службы бясьпекі.

Падчас пратэстаў 25 чэрвеня 1976 году сьвятар апынуўся сярод пратэстоўцаў з мэталічнага заводу „Łucznik” у Радаме. Са сходаў касьцёла Сьвятой Тройцы ў Радаме ён бласлаўляў рабочых-пратэстоўцаў у часе дэманстрацыі. Пасьля брутальнага разгону разам з вернікамі ў сваім касьцёле ксёндз Раман маліўся за зьбітых, арыштаваных і выкінутых з працы. У сваіх пропаведзях ён патрабаваў павагі для чалавека і яго працы, асуджаў хлусьню і несправядлівасьць.

Камуністычныя ўлады ўнесьлі яго ў лік “радамскіх бандытаў” і падвяргалі рэпрэсіям. Некалькі разоў яго вельмі жорстка зьбілі. 15 жніўня 1976 году ён страціў прытомнасьць падчас Імшы. Праз два дні ксёндз памёр у шпіталі ў нявысьветленых абставінах.

Камуністычныя ўлады забаранілі пахаваць сьвятара на гарадзкіх могілках Радама. Яго паховіны пераўтварыліся ў патрыятычны маніфэст. Рамана Котляжа пахавалі ў Канямлотах.

Пасьля амаль чатырох дзесяцігодзьдзяў, як кажа радамскі біскуп Гэнрык Тамасік, прыйшоў час зьвярнуць увагу на яго жыцьцё і сьведчаньне, якія пакінуў ксёндз Котляж.

Высьветліць акалічнасьці сьмерці духоўнага першымі прасілі чальцы Камітэту абароны працаўнікоў. Дзякуючы такім асобам, як Міраслаў Хаецкі і Войцех Зэмбіньскі, ужо ў верасьні 1976 году справа была агучаная публічна.

Першую сэсію бэатыфікацыйнага працэсу заплянавалі на 1 сьнежня бягучага году. На ёй заплянаваны паказ фільму “Клеха”, прысьвечаны жыцьцю ксяндза Рамана Котляжа. Прэм’ера стужкі адбудзецца пад канец лютага будучага году.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт