У Польшчы не хапае 20 тысяч сядзелак для пажылых людзей
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
18.08.2018 18:14
Гэтая праблема будзе нарастаць з кожным годам у сувязі з хуткім старэньнем насельніцтва.
Foto: pixabay.com/CC0
Паводле прагнозаў, у 2026 годзе ў Польшчы пачне хутка павялічвацца колькасьць людзей ва ўзросьце 80 гадоў і больш.
Гэта зьвязана са старэньнем людзей з паваеннага пэрыяду буму дзіцячай нараджальнасьці. Паміж 2026 і 2040 гадамі колькасьць людзей ва ўзросьце 80 гадоў і больш вырасьце прыкладна з 1,7 мільёнаў да 3,4 мільёнаў чалавек.
Як заявіў Томаш Пілят з Акадэміі Сядзелак, адсутнасьць апекуноў робіць вельмі цяжкім жыцьцё людзей сталага ўзросту. Асабліва гэта тычыцца людзей старэйшых за 75 гадоў. Многія з іх ужо цяпер ня могуць разьлічваць на сям'ю альбо апекуна.
Паводле падлікаў дэмографаў, колькасьць людзей, якія не могуць жыць самастойна і маюць патрэбу ў дапамозе па месцы жыхарства складае сёньня ў Польшчы каля 2 мільёнаў чалавек.
Амаль 20% польскіх муніцыпалітэтаў не аказваюць дапамогу пажылым людзям, нягледзячы на тое, што гэта належыць да іх абавязкаў.
ПР/юл