У Чанстахову вернікі паломнічаюць нават на роліках
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Viktar Korbut
                        
                        16.08.2018 11:00
                    
                                 
                
                
                    Колькасьць паломнікаў на Ясную Гару сёлета ацэньваецца ў 100 000 чалавек.
                
                
                    
                        
15 жніўня 2018 г. Паломнікі на Яснай ГарыФота: PAP/Waldemar Deska
                     
                
                
                
               
                
                         Каля 100 000 чалавек прынялі ўдзел 15 жніўня ў сьвяце Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі на Яснай Гары ў Чанстахове. Сюды прыбылі 52 пешыя паломніцтвы.
Найважнейшым момантам цырымоніі стала набажэнства, якое адслужыў папскі нунцый у Польшчы арцыбіскуп Сальваторэ Пэнак’ё. Нунцый перадаў вернікам блаславеньне ад папы.
Мітрапаліт чанстахоўскі арцыбіскуп Вацлаў Дэпа напомніў у казані пра перамогу 15 жніўня 1920 года польскага войска над бальшавікамі пад Варшавай: «Гэта быў прарыўны момант для абароны эўрапейскай цывілізацыі, у якой мы жывём на працягу многіх пакаленьняў». Гэта падзея называецца яшчэ “цудам на Вісьле” і вернікі лічаць, што перамога невыпадкова была дасягнута ў сьвята Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. Маўляў, сама Марыя дапамагла палякам адолець Савецкую Расею.
Сэзон паломніцтва на Ясную Гару пачынаецца ў сярэдзіне траўня і доўжыцца да канца верасьня. Галоўныя кульмінацыйныя моманты — гэта 15 і 26 жніўня.
У апошнія гады назіраецца рост папулярнасьці ня толькі пешых, але і іншых форм паломніцтва. Вернікі накіроўваюцца на Ясную Гару на роварах і нават на роліках.
IAR/вк