Маладыя палякі ахвотна бяруць крэдыты, хаця зарабляюць няшмат
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
08.08.2018 15:29
Магчыма, так адбываецца таму, што ў маладых няма абмежаваньняў, з якімі сутыкаліся іх бацькі.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons
Выданьне „Rzeczpospolita” піша пра маладых палякаў, якія ахвотна бяруць спажывецкія крэдыты, хаця іхнія заробкі часта не перавышаюць “мінімалкі”. Людзей ва ўзросьце 25-35 гадоў экспэрты называюць лічбавым пакаленьнем, што яго прадстаўнікі ўспрымаюць даслоўна. Яны ахвотна купляюць тавары на раты або бяруць крэдыты ў банку, аднак часта забываюць выплачваць свае даўгі. А пазьней шчыра зьдзіўляюцца, калі звоніць да іх прадстаўнік банку і паведамляе, колькі даўгоў назьбіралася. Магчыма, так адбываецца таму, што ў маладых няма абмежаваньняў, з якімі сутыкаліся іх бацькі. Яны ня ведаюць, што значыць адкладваць гадамі на аўтамабіль або чакаць 15 гадоў у чарзе на кватэру.
Сярод даўжнікоў ва ўзросьце 25-35 гадоў амаль тры чацьвёртыя складаюць мужчыны. Яны павінны вярнуць крэдытадаўцам 4,7 млрд. злотых, гэта прыкладна 11,5 тыс. на аднаго чалавека. Фірма Kaczmarski Inkasso займаецца спагнаньнем даўгоў. Па словах дырэктара фірмы Якуба Кастэцкага, калі супрацоўнікі яго кампаніі звоняць даўжнікам і паведамляюць пра суму крэдытаў, якія неабходна сплаціць, тыя адказваюць, што ім ня хочацца дурыць сабе галаву такімі справамі. І не перастаюць браць чарговыя крэдыты. А пры падпісаньні дамовы даюць нумар тэлефону... бацькоў.
Rzeczpospolita/нг