Расслаеньне сярод жыхароў Польшчы зьмяншаецца
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Viktar Korbut
                        
                        07.08.2018 13:30
                    
                                 
                
                
                    У 2007 г. жыхары Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы складалі тры чвэрці найменш забясьпечаных людзей, у 2016-м — палову.
                
                
                    
                        
Фота: pixabay.com/Public Domain CC0
                     
                
                
                
               
                
                         Расслаеньне сярод жыхароў Эўрапейскага зьвязу па колькасьці даходаў зьмяншаецца і ў 2016 годзе было найменшым за апошнія 30 гадоў.
Прычына гэтага ляжыць у дынамічным разьвіцьці эканомікі 13 краін ЭЗ. Калі падзяліць усіх грамадзян зьвязу з пункту гледжаньня заробкаў, то ў 2007 г. жыхары Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы (у граніцах ЭЗ) складалі тры чвэрці найменш забясьпечаных людзей ЭЗ. У 2016 г. удзел грамадзян гэтай групы краін упаў да 54%.
Адначасова зьменшылася колькасьць палякаў, якія залічваюцца да 10% эўрапейцаў, якія менш за ўсё зарабляюць. У 2007 г. адну чвэрць гэтай катэгорыі складалі палякі. У 2016 г. іх было толькі 12%.
Такія вывады зроблены на падставе дасьледаваньняў брусэльскага інстытута Bruegel, які вывучаў нераўнамернасьць даходаў сярод жыхароў ЭЗ.
Адной з тэндэнцый, якая ўплывае на зьмяншэньне розьніцы ў даходах жыхароў ЭЗ, зьяўляецца хуткі рост эканомік усходніх краін зьвязу.
Аднак у той жа час сацыяльны разрыў, зьмяншаючыся ў Польшчы, Румыніі і Баўгарыі, павялічваецца ў Нямеччыне і Швэцыі.
Між тым, доктар Міхал Бжазіньскі з Варшаўскага ўнівэрсытэта не пагаджаецца з вывадамі брусэльскіх дасьледчыкаў. Паводле яго назіраньняў, расслаеньне сярод палякаў за апошнія 30 гадоў увесь час павялічваецца. Увогуле ж, ён адзначае, што розныя дасьледаваньні даюць розныя вынікі, бо грунтуюцца на недакладных даных. Гэтыя даныя часта паходзяць з анкет. А анкетаваньне ахоплівае далёка ня ўсё насельніцтва.
Dziennik Gazeta Prawna/вк