Logo Polskiego Radia
Print

Польскія паліцэйскія перасталі выпісваць штрафы

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 23.07.2018 12:50
Паліцэйскія ў Польшчы праводзяць акцыю пратэсту, патрабуючы павышэньня заробкаў.
Ілюстрацыйнае фотаІлюстрацыйнае фотаФота: pixabay.com/Public Domain CC0

Польскія паліцэйскія сталі больш лагодныя. У 85% выпадкаў парушэньня правіл дарожнага руху яны замест штрафу даюць папярэджаньне.

Гэта адна з форм пратэсту паліцэйскіх. Яны выступаюць супраць нізкіх заробкаў. І таму з 10 ліпеня праводзяць акцыю “Папярэджаньне замест штрафу”.

Для параўнаньня: у першай палове года было зроблена толькі 10% папярэджаньняў, а рэшта — штрафы. Цяпер жа колькасьць папярэджаньняў дасягнула 90%.

У абсалютных лічбах сытуацыя выглядае так. Калі перад акцыяй пратэсту ў Польшчы паліцэйскія штодня выпісвалі 10 тыс. штрафаў, то цяпер — толькі 2 тыс.

Паліцэйскія тлумачаць, што больш ласкава ставяцца толькі да дробных парушэньняў: пераходу дарогі ў няправільным месцы, гучнай музыкі ўначы, невялікага перавышэньня хуткасьці, паркоўкі ў месцы, дзе гэта не дазволена.

А п’яных вадзіцеляў і “дарожных піратаў” караюць па-ранейшаму строга. Нават даводзяць справы да пракуратуры. Злосным парушальнікам парадку на дарогах паліцэйскія не патураюць.

Здараліся і такія інцыдэнты, як у горадзе Рыбніку, дзе паліцэйскі даў злодзею толькі папярэджаньне, калі затрымаў таго са скрадзеным у супэрмаркеце дрылем. Інструмэнт каштаваў 170 злотых. Але злодзей патлумачыў, што ня мае на што жыць. І паліцэйскі зь яго зьлітаваўся.

Паліцэйскія працягваюць акцыю пратэсту. Яны патрабуюць павышэньня заработнай платы — на 650 злотых у наступным годзе і на 500 злотых у 2020 годзе, а таксама больш выгадных умоў выхаду на пэнсію.

Rzeczpospolita/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт