Logo Polskiego Radia
Print

Сьпёка нанесла сур’ёзныя шкоды ўраджаю

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 11.07.2018 10:32
Сухое і цёплае лета з аднаго боку радуе, але з другога хвалюе, асабліва лесьнікоў і сялян.

Чакаецца, што сёлетні ўраджай у Польшчы будзе меншым на 20 адсоткаў. У сваю чаргу лясам пагражаюць спусташальныя пажары. Мэтэаролягі кажуць, што ў бліжэйшыя тыдні існуе мала шанцаў на салідны дождж.

У некаторых рэгіёнах Польшчы не было ніякіх ападкаў з красавіка. Вельмі суха на поўдні і паўднёвым усходзе краіны, а таксама ў Мазовіі. «Самая нізкая колькасьць месячных ападкаў была зафіксавана ў Чэнстахове (усяго 7,1 мм) і Кракаве (9,7 мм),» – паведаміў Інстытут мэтэаралёгіі.

Праблема засухі тычыцца тэрыторыі ўсяе Польшчы. Адпаведныя службы паведамілі, што засуха прынесла значныя шкоды на тэрыторыі 92% гмін у Польшчы. Гэта наўпрост прывядзе да росту цэн садавіны й агародніны.

Больш за 40 тысяч фэрмэраў заявілі пра страты ў сувязі са сьпёкай. Намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Рафал Раманоўскі (Rafał Romanowski) абяцаў, што фэрмэры атрымаюць падтрымку дзяржавы, аднак спачатку адмысловыя камісіі мусяць вызначыць велічыню страт.

Р.Раманоўскі: Паводле апошняй інфармацыі, ва ўсіх ваяводзтвах працуюць 1359 камісій. Засуха закранула ўсе віды расьлін: збожжа, бабовыя, садавіну, рапс, клубніцы, тытунь, агародніну, кукурузу, хмель, бульбу і цукровыя буракі.

Намесьнік міністра сельскай гаспадаркі адзначыў, што колькасьць ападкаў, якія выпалі ў краіне ў канцы чэрвеня, можа толькі палепшыць стан кукурузы і караняплодаў. Ападкі ня будуць мець ніякага ўплыву на іншыя культуры.

Рафал Раманоўскі падкрэсьліў, што фэрмэры змогуць разьлічваць на дапамогу дзяржавы. Акрамя гэтага, фэрмэры могуць падаць заяву на адтэрміноўку або пагашэньне некаторых фінансавых абавязацельстваў, напрыклад, узнос на сацыяльнае страхаваньне, можа падаць заяву на зьніжэньне платы за арэнду, або на адмену сельскагаспадарчага падатку.

Міністэрства сельскай гаспадаркі абяцае таксама льготныя крэдыты.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт