Дарога да Беластока адкрыецца не раней за верасень
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
18.06.2018 17:16
Рэканструкцыя трасы затрымліваецца.
Ілюстрацыйнае фотаФота: pixabay.com/CC0 Public Domain
У гэтую пятніцу ў польскіх школах прагучыць апошні званок і многія польскія сем’і адправяцца ў падарожжы па краіне. Плянавалася, што к гэтаму часу ў эксплюатацыю ўвойдуць каля 400 км новых адрэзкаў хуткасных дарог і некалькі дзясяткаў кілямэтраў аўтастрад, а таксама кальцавых вакол гарадоў.
У канцы мая адкрыліся кальцавыя вакол гарадоў Клодзк, Кэмпна.
Ужо гэтым летам павінна была скончыцца будоўля 111 км новых адрэзкаў хуткаснай дарогі S3 у раёне Зялёнай Гуры. Частка шляху будзе гатова к ліпеню, а рэшта — не пазьней за сьнежань.
Затрымліваецца будаўніцтва некаторых іншых трас. Напрыклад, не пасьпеюць пракласьці кальцавую S6 вакол горада Кашаліна, бо яшчэ летась у гэтым раёне было раптоўна адкрыта падземнае возера. Магчыма, тут работы прадоўжацца ажно да 2020 года.
Рад новых участкаў дарог павінен адкрыцца літаральна на днях.
Напрыклад, ужо на гэтым тыдні будзе даступны мост у ваколіцах паселішча Аструда — на трасе S7, па дарозе з Варшавы на Балтыйскае мора. Да канца чэрвеня павінна быць адкрыта другая паласа кальцавой каля Аструды.
Аднак вадзіцелям і пасажырам яшчэ давядзецца пастаяць у заторах на трасе S8, якая вядзе з Варшавы на Беласток. Тут на адрэзку 30 км паміж Вышкавам і Астровяй Мазавецкай яшчэ ідуць будаўнічыя работы. Плянавалася, што яны скончацца ў ліпені. Але тэрмін заканчэньня рэканструкцыі працягнуты да верасьня.
Летась Галоўная дырэкцыя нацыянальных дарог і аўтастрад перадала вадзіцелям у карыстаньне каля 300 км хуткасных дарог і амаль 60 км нацыянальных ніжэйшай катэгорыі, галоўным чынам кальцавых.
Gazeta Wyborcza/вк