Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве растуць цэны на кватэры

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 15.05.2018 19:07
Квадратны мэтар у цэнтры польскай сталіцы каштуе больш за 2800 эўра.
Цэнтар ВаршавыЦэнтар ВаршавыФота: pixabay.com

Цэны на жыльлё ў Варшаве на працягу апошняга году вырасьлі на 11 працэнтаў. А ў цэнтры гораду падняліся нават на 26 адсоткаў. Пра тэндэнцыю на рынку нерухомасьці піша карэспандэнт газэты Gazeta Wyborcza Войцех Карпешук.

Суразмоўцы расказваюць пра складанасьці з набыцьцём кватэры. Напрыклад, жыхарка Варшавы Анна хоча купіць кватэру ў цэнтры. Але гэта вельмі цяжка. Бо розныя фірмы апярэджваюць прыватных асоб: купляюць памяшканьні, каб потым здаваць іх у арэнду.

Цяпер сярэдні кошт квадратнага мэтра ў цэнтры Варшавы перавышае 12 тысяч злотых — гэта больш за 2800 эўра. Ёсьць нават прапановы жыльля па 14 тысяч злотых за мэтар. І ня ў самых лепшых дамах — напрыклад, у панэльцы, пабудаванай у часы камуністычнага кіраўніка Польшчы Гамулкі ў раёне За Жалезнай Брамай.

Цяпер набыць кватэру ў добрым раёне Варшавы за аптымальную цану, паводле газэты Gazeta Wyborcza, праблематычна. Згодна са зьвесткамі, якія прыводзіць выданьне, у сталіцы Польшчы ад 20 да 50 працэнтаў памяшканьняў здаюцца ў арэнду. Прычым часьцей за ўсё здаюцца на кароткі тэрмін — праз такія сайты, як AirBnB або Booking.

Усё гэта прыводзіць да таго, што растуць цэны на арэнду жыльля. Аднак улады Варшавы ня могуць пакуль паўплываць на гэтую сытуацыю. Бо юрыдычна органы мясцовага самакіраваньня ня могуць умешвацца ў справы прыватных асоб, якія здаюць кватэры. Аднак уладамі разглядаюцца розныя варыянты па будаўніцтве жыльля для тых людзей, якія ня маюць грошай, каб купіць кватэру па рыначным кошце.

Gazeta Wyborcza/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт