Logo Polskiego Radia
Print

Забруджанае паветра выклікае хваробы

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 04.05.2018 18:32
У Польшчы штогод ад шкоднага пылу памірае 48 тысяч чалавек.
Кракаў
Кракаў pixabay.com/Public Domain CC0

Сем мільёнаў чалавек памірае штогод у сьвеце ад бруднага паветра. І 48 тысяч у Польшчы. Сумную статыстыку публікуе Gazeta Wyborcza.

Паводле даных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, людзі гінуць у выніку забруджваньня паветра пылам РМ10 і пападаньня ў крывяносныя сасуды пылу РМ2,5. Былі вывучаныя чатыры тысячы гарадоў у 108 краінах сьвету. Вынікі дасьледаваньня несуцяшальныя. Больш за 90 працэнтаў людзей на сьвеце дыхаюць забруджаным паветрам.

Як адзначаюць экспэрты Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, менавіта бруднае паветра становіцца прычынай прыблізна чвэрці сьмярцей, выкліканых хваробамі сэрца, такой жа колькасьці — ад кровазьліцьця ў мозг або ад раку лёгкіх. Найгоршая сытуацыя ў Афрыцы і Азіі.

У Эўропе самая складаная сытуацыя ў Польшчы і Баўгарыі. Асабліва трывожная карціна назіраецца ў Кракаве, а таксама ў Катавіцах, Закапаным, Чанстахове і іншых гарадах.

Польскі ўрад робіць спробы паляпшэньня якасьці паветра. Напрыклад, прыняты закон аб электрамабільнасьці, які прадугледжвае льготы для карыстальнікаў электрычных аўтамабіляў. Аднак гэта пакуль мала дапамагае, бо палякі купляюць на Захадзе шмат старых машын на дызэльным паліве.

Gazeta Wyborcza/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт