Logo Polskiego Radia
Print

Польскія марскія парты забіраюць кліентаў у нямецкіх партоў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 10.04.2018 16:20
  • 10.04-Пульс эканомікі.mp3
Мяняецца ў лепшы бок інфраструктура партоў, аплаты ў Польшчы ніжэй
Foto: pixabay.com/CC0 Public Domain

Паводле статыстычных дадзеных, усё часьцей кліенты нямецкіх партоў пераарыентоўваюцца на Гданьск, Гдыню ці Шчэцін. Мяняецца ў лепшы бок інфраструктура партоў, аплаты ў Польшчы ніжэй, чым у партах заходніх краін.

Намесьнік старшыні ўправы Марскога порту Гданьск Марцін Асоўскі адзначае, што калі казаць пра пагрузкі, то першы квартал гэтага году быў вельмі добры. У студзені пагрузкі і разгрузкі ахапілі 4 млн тон тавараў.

М.Асоўскі: Роля польскіх партоў расьце. Гэта вынік добрай эканамічнай каньюнктуры і інвэстыцый у інфраструктуру, але гэты патэнцыял яшчэ да канца ня вычарпаны. Мы спадзяемся забраць грузатранспарт у прыватнасьці ў нямецкіх партоў, абслугоўваць марскі транспарт як Польшчы, так і краін Цэнтральнай Эўропы.

Усе польскія парты могуць дасягнуць маштаб нямецкага порту ў Гамбурзе, тым больш, што паводле спэцыялістаў, грузатранспарт па Балтыйскім моры будзе расьці.

Прадстаўнік управы марскіх партоў Шчэцін і Сьвінавуйсьце Моніка Возьняк- Левандоўска: З году ў год мы фіксуем пастаянны рост колькасьці таварнага грузу. Мінулы 2017 год быў для нас лепшы, чым 2016 на 5,5%. Мы перагрузілі больш за 5 млн тон. На гэта склалася, з аднаго боку, праца ўправы марскіх партоў Шчэцін і Сьвінавуйсьце і актыўнасьць партавых кампаній. Сукупнасьць дзеяньняў дала рост масы тавараў.

Ці існуе шанец на тое, што польскія марскія парты стануць больш прыцягальнымі, чым нямецкія ці расейскія парты?

Леанард Далецкі, вэб-сайт «Рынак інфраструктуры»: Інвэстыцыйныя пляны паказваюць, што Польшча фактычна можа стаць перагрузачным цэнтрам на Балтыйскім моры. Плянуецца будаўніцтва вонкавага порту ў Гдыні, цэнтральнага порту ў Гданьску і кантэйнэрнага тэрмінала ў Сьвінавуйсьці. Такім чынам магчыма, што ў польскіх партах стануць перагружаць пераважную частку кантэйнэраў на Балтыцы. У нас вялікія шанцы. Аднак спаборнічаць з заходнімі партамі, такімі як нідэрляндзкі Ратэрдам ці нямецкі Гамбург, нам яшчэ рана.

У рэйтынгу партоў на Балтыцы Гданьск займае шостае месца. Польскі порт апярэдзіў латвійскую Рыгу, нямецкія Ростак і Любэк, таксама Шчэцін і Сьвінавуйсьце. На перадзе - тры расейскія парты, швэдзкі Гётэборг і летувіская Клайпэда.

яс

Эфірны выпуск перадачы "Пульс польскай эканомікі" ў далучаным файле

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт