Міністэрства абароны Польшчы купляе новыя самалёты
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
28.02.2018 17:11
Польскія пілёты змогуць вучыцца палётам на F-16 без дарагіх трэніровак у ЗША.
Фото: wikimedia.org/Staff Sgt. Cherie A. Thurlby
Напрыканцы сакавіка будзе рэалізаваны кантракт на пакупку 4 вучэбна-трэніровачных самалётаў M-346 Master.
Пра гэта паведамілі прадстаўнікі міністэрства на паседжаньні парлямэнцкага камітэта па абароне. Завяршэньне перамоў і падпісаньне пагадненьня плянуецца да канца сакавіка – сказаў намесьнік начальніка інспэкцыі ўзбраеньняў Міністэрства абароны палкоўнік Вальдэмар Багуслаўскі.
Ідзецца пра кантракт з італьянскай фірмай Alenia Aermacchi (цяпер Leonardo) на суму 1,432 мільярда злотых. У рамках дамовы італьянцы пастаўляюць польскай арміі сыстэмы навучаньня пілётаў шматмэтавых самалётаў, восем навучальных самалётаў, комплексны трэнажор палёту, навучаньне й лягістыку, а таксама інфармацыйныя сыстэмы падтрымкі пры эксплюатацыі.
Першыя два самалёты былі дастаўлены ў лістападзе 2016, прыём усіх элемэнтаў першага кантракту ды яго ўрэгуляваньне павінна адбывацца ў трэцім квартале бягучага года.
Дзякуючы гэтаму польскія пілёты змогуць навучыцца палётам на самалётах F-16 C / D Block 52+, без дарагіх трэніровак у ЗША.
ПР/юл