Прэм’ер Польшчы заклікае крамы прасоўваць польскія прадукты
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
16.01.2018 15:45
-
16.01.18_пульс эканомікі.mp3
Матэвуш Маравецкі лічыць, што польскае харчаваньне павінна мець больш шырокі доступ да рынкаў заходніх краін.
foto: polskikoszyk.pl
Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі зьвярнуўся з заклікам да гандлёвых сетак прасоўваць польскія прадукты харчаваньня. Кіраўнік ураду наведаў малочны завод «Mlekovita» ў горадзе Высоке Мазавецке ў 150 кілямэтрах на паўночны ўсход ад Варшавы (Wysokie Mazowieckie).
Матэвуш Маравецкі падкрэсьліў, што Польшча адкрыта ставіцца да замежных тавараў. Аб гэтым сьведчаць кампаніі кшталту італьянскага ці партугальскага тыдняў, якія ладзяцца рознымі гандлёвымі сеткамі. Пры гэтым кіраўнік польскага ўраду заклікаў гандляроў найперш прасоўваць польскія прадукты.
М.Маравецкі: Я зьвяртаюся з заклікам, каб у Польшчы ладзіць «польскі тыдзень» як мінімум раз у месяц у кожнай гандлёвай сетцы. Насамрэч польскія прадукты павінны прадавацца шырэй і больш. Заходнія краіны абараняюць свой рынак, нягледзячы на тое, што мы ўсе зьяўляемся часткай адзінага эўрапейскага рынку.
Кіраўнік польскага ўраду падкрэсьліў, што замежныя гандлёвыя сеткі павінны справядліва адносіцца да польскіх вытворцаў. Зазначыў, што польскае харчаваньне павінна мець больш шырокі доступ да рынкаў заходніх краін. Гэтаму служаць дзеяньні ўраду па падтрымцы экспарту й прасоўваньню груп сельскагаспадарчых вытворцаў.
Міністар сельскай гаспадаркі Кшыштаф Юргель, які разам з прэм’ер-міністрам наведаў малочны завод «Mlekovita», сказаў, што ўраду ўдалося давесьці да рэнтабельнасьці сельскагаспадарчую вытворчасьць:
К.Юргель: У выніку намаганьняў і супольных дзеяньняў з фэрмэрамі нам удалося паставіць сельскую гаспадарку на вышэйшы ўзровень разьвіцьця. Цяпер закупачная цана малака складае 1 злоты 60 грошаў за адзін літар, і гэта задавальняе фэрмэраў.
Міністар зазначыў, што ўрад пачаў ажыцьцяцўленьне 21 стратэгічнага праекту па стабілізхацыі сельскай гаспадаркі.
*
яс
Эфірны выпуск перадачы "Пульс польскай эканомікі" ў далучаным гукавым файле