На пэнсіях афіцэрам камуністычных спэцслужбаў Польшча зэканоміла 50 млн эўра
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
15.01.2018 12:46
Выплаты былым супрацоўнікам міліцыі й апарату бясьпекі камуністычнай Польшчы былі скарочаныя ў два разы.
Памятны мэдаль функцыянэкам міліцыі й спэцслужбаў камуністычнай Польшчы, 1989 г.wikimedia commons/Pesell (Own work)/CC BY-SA 4.0
За чатыры месяцы дзеяньня закону, які зьменшыў пэнсіі былым функцыянэрам камуністычных спэцслужбаў, дзяржаўнаму бюджэту Польшчы ўдалося ашчадзіць 229 мільёнаў злотых (каля 50 мільёнаў эўра). Гэта больш, чым меркавалася – заявіў намесьнік міністра ўнутраных справаў Польшчы Яраслаў Зяліньскі (Jarosław Zieliński).
Закон, прыняты ў кастрычніку мінулага году, прыкладна ў два разы зьнізіў выплаты былым супрацоўнікам міліцыі й апарату бясьпекі камуністычнай Польшчы. Яны былі паменшаныя да памеру сярэдняй пэнсіі ў краіне, якая складае каля 450 эўра. Пад дзеяньне закону падпалі 38 тысячаў чалавек. Самым значным выпадкам скарачэньня пэнсіі было паніжэньне штомесячных выплат на 4 ысячы эўра.
Міністар унутраных справаў мае права выключыць некаторых асобаў з-пад дзеяньня закону аб скарачэньні пэнсіяў «былым функцыянэрам спэцслужбаў таталітарнай дзяржавы». Адбыцца гэта можа толькі ў выпадку, калі чалавек працаваў у камуністычных спэцслужбах кароткі час, а потым сумленна выконваў службовыя абавязкі ў Польшчы пасьля 1989 году.
PAP/niezależna.pl/ап