Logo Polskiego Radia
Print

Польшча хоча менш спрачацца, а больш супрацоўнічаць з уладамі Эўразьвязу

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 02.01.2018 19:48
Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі.
Polskie radio

Польскі ўрад жадае весьці дыялёг з уладамі Эўрапейскага зьвязу. Пра гэта заявіў у панядзелак прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі, камэнтуючы словы віцэпрэм’ера Яраслава Говіна аб неабходнасьці скарэктаваць зьнешнюю палітыку.

«Нам прыдалася б уменьне менш спрачацца й лепш тлумачыць нашую пазыцыю, уменьне шукаць саюзьнікаў, а таксама гнуткасьць, якой можна павучыцца ў вугорскага прэм’ера Віктара Орбана», – заявіў у інтэрвію ў пятніцу Яраслаў Говін.

«Я пагаджаюся з віцэпрэм’ерам, трэба весьці дыялёг. Мы хочам гэты дыялёг умацаваць», – заявіў Матэвуш Маравецкі. Прэм’ер падкрэсьліў, што ў бліжэйшы час ён намераны сустрэцца са старшынём Эўракамісіі Жанам-Клодам Юнкерам, яго віцэстаршынём Франсам Цімэрмансам, а таксама кіраўнікамі краінаў Заходняй Эўропы.

Па словах польскага прэм’ера, размаўляць ён намераны аб справах бясьпекі. «Ад сёньняшняга дня Польшча ўвайшла ў склад Рады Бясьпекі ААН. Гэта ня толькі павышае наш прэстыж, але й нашую ролю ў сыстэме бясьпекі Эўропы й сьвету».

Аднак напэўна тэмай перамоваў стане й ацэнка сытуацыі з вяршэнствам права ў Польшчы, якую праводзіць Брусэль. На думку Эўрапейскага зьвязу, законы аб судзейскім самакіраваньні й Вярхоўным судзе, нядаўна падпісаныя прэзыдэнтам Польшчы, парушаюць прынцып падзелу ўладаў. 20 сьнежня Эўракамісія распачала працэдуру, апісаную ў артыкуле 7 Дамовы аб Эўрапейскім зьвязе. Калі краіны Эўразьвязу ў галасаваньні сцьвердзяць, што польскі ўрад парушае базавыя прынцыпы эўрапейскай супольнасьці, Варшава будзе пазбаўленая права голасу на паседжаньнях Рады ЭЗ.

PAP/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт