Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве сяляне патрабавалі больш эфэктыўнага змаганьня з АЧС

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 07.12.2017 19:03
Пратэстоўцы патрабавалі павялічыць ліміты на адстрэл дзікоў і павысіць суму кампэнсацый для жывёлаводаў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Перад Міністэрствам сельскай гаспадаркі й разьвіцьця вёскі Польшчы ў чацьвер, 7 сьнежня, адбылася маніфэстацыя групы фэрмэраў.

Удзельнікі акцыі пратэсту патрабавалі ад улад эфэктыўнай барацьбы з наступствамі афрыканскай чумы сьвіней (АЧС) на ўсходзе краіны.

У прыватнасьці, сяляне патрабавалі павялічыць ліміты на адстрэл дзікоў, якія разносяць хваробу, і павысіць суму кампэнсацый для жывёлаводаў, якія сутыкаюцца з гандлёвымі абмежаваньнямі, выкліканымі эпідэміяй.

Паводле пратэстоўцаў, з-за барацьбы з наступствамі АЧС частка сьвінаводаў апынулася ў цяжкай фінансавай сытуацыі, паколькі прыйшлося ліквідаваць здаровае пагалоўе жывёлы ў рамках прафіляктыкі распаўсюджваньня вірусу.

На гэтым тыдні Рада міністраў прыняла адмысловы закон, які прадугледжвае, у прыватнасьці, павелічэньне адстрэлу дзікоў, а таксама ўзьвядзеньне агароджы ад гэтых жывёл уздоўж усходняй мяжы Польшчы.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт