Вызначаныя пераможцы "Бардаўскай восені" (ФОТА)
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
05.11.2017 14:25
-
Чачэрская лютня.mp3
-
Вайцюшкевіч.mp3
З. Вайцюшкевіч: Конкурс у гэтым годзе моцны, нялёгка было выбраць найлепшых.
Чачэрская лютня - Гран-пры фэстывалю Бардаўская восень - 2017, Бельск ПадляскіФота: Зьміцер Косьцін
Галоўная ўзнагарода Фэстывалю «Бардаўская восень-2017» едзе ў Чачэрск на Гомельшчыне. Пераможцам конкурсу маладых выканаўцаў, які традыцыйна праходзіць у межах Фэстывалю беларускай бардаўскай ды аўтарскай песьні, стаў дуэт «Чачэрская лютня». Удзельнікі дуэту Паліна Вострыкава ды Аляксей Кулеш не спадзяваліся, што сярод 12 канкурсантаў гран-пры атрымаюць менавіта яны.
А. Кулеш: Хто заўгодна, толькі ня мы. Для нас гэта аграменны гонар. Вяртаемся ў маленькі Чачэрск, хто з Чачэрска калі што рабіў!? Гэта супэр, гэта шок.
Сябры журы адзначылі таксама ўкраінскі гурт «Колір» з Адэсы, які падрыхтаваў да конкурсу песьні на беларускай мове, ды дзьвюх канкурсантак зь Беласточчыны, Кацярыну Хмур ды Анну Бяляўскую.
У склад конкурснага журы «Бардаўскай восені – 2017» уваходзілі паэт і перакладчык Міхал Анемпадыстаў, музыкі Зьміцер Вайцюшкевіч ды Алесь Камоцкі, а таксама беларускі паэт ды грамадзкі дзеяч зь Беласточчыны Андрэй Сьцепанюк. Зьміцер Вайцюшкевіч зазначыў, што вызначыць сёлетніх пераможцаў было складана.
З. Вайцюшкевіч: Конкурс у гэтым годзе моцны. Гэта добры знак, геаграфія павялічваецца. Можа, калісьці прыедуць мае сябры з Францыі, якія таксама хочуць браць удзел. Я спадзяюся, што будзе толькі на добрае разьвівацца.
Сярод ляўрэатаў апошніх конкурсаў «Бардаўскай восені» былі Паліна Рэспубліка, гурты «Босае сонца», «Рэлікт» ды Яўген Барышнікаў. Фэстываль беларускай бардаўскай ды аўтарскай песьні ўжо ў 24 раз арганізуюць прадстаўнікі Зьвязу ў карысьць адукацыі і прамоцыі беларускай культуры «Шчыты» зь Беласточчыны.
Тэкст і фота: Зьміцер Косьцін, Бельск Падляскі