Logo Polskiego Radia
Print

ЭК абавязала Летуву заплаціць 28 млн эўра кампэнсацыі Orlen Летува

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 04.10.2017 08:06
  • 2.10.17_Эканоміка.mp3
Такім чынам Брусэль пакараў летувіскую чыгунку за ліквідацыю 19 кілямэтраў рэек.
Foto: materiały prasowe

Акцыі PKN Orlen пайшлі ўверх на Варшаўскай біржы каштоўных папераў.

Экспэрты ня маюць сумневаў, што гэта вынік штрафу, які Летува мусіць заплаціць польскаму НПЗ з Плоцка.

Эўрапейская камісія абавязала Летуву заплаціць 28 мільёнаў эўра кампэнсацыі заводу Orlen Летува ў Мажэйках, які ў 100 працэнтах належыць польскаму інвэстару. Такім чынам Брусэль пакараў летувіскую чыгунку за ліквідацыю 19 кілямэтраў рэек і нанясеньне шкоды кампаніі Orlen. У выніку кампанія была вымушана шукаць альтэрнатыўны шлях у порт у Клайпэдзе.

Брусэль тлумачыць, што такім чынам Летува парушыла правілы аб канкурэнцыі. Чыгуначная кампанія ў Летуве належыць дзяржаве.

Справа тычыцца ліквідацыі часткі чыгуначнага шляху, які злучаў Летуву й Латвію. Эўракамісія зазначыла, што рашэньне летувіскага боку заставіла аднаго з найбуйнейшых камэрцыйных кліентаў летувіскай чыгункі выкарыстоўваць значна даўжэйшы шлях для перавозкі грузаў у Латвію. «Летувіская чыгунка мэтанакіравана выкарыстала той факт, што яна зьяўляецца манапалістам у чыгуначнай інфраструктуры, і такім чынам імкнулася пашкодзіць кампаніі Orlen», - напісала камісар па пытаньнях канкурэнцыі Маргрэт Вэстагер (Margrethe Vestager). Яна падкрэсьліла, што Эўрапейскаму Зьвязу патрэбны спраўны рынак чыгуначных грузавых перавозак. «Дзейнасьць кампаніі, зьвязаная з разборкай грамадзкай чыгуначнай інфраструктуры, з мэтай зарабіць на гэтым, зьяўляецца недапушчальнай і беспрэцэдэнтнай», – дадала камісар ЭЗ.

Летувіскае Міністэрства транспарту паведаміла, што Летува будзе выкарыстоўваць усе сродкі, каб абараніць свае інтарэсы.

Польская нафтаперапрацоўчая капанія Orlen падала скаргу на Летуву ў 2008 годзе. Эўрапейская камісія ўзбудзіла справу чатыры гады таму.

За 11 гадоў польская кампанія PKN Orlen інвэставала ў Orlen Летува 4 мільярды даляраў.

яс

Эфірны выпуск перадачы "Пульс польскай эканомікі" ў далучаным файле

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт