Сын Дональда Туска выкліканы на допыт па справе фінансавай піраміды
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
22.06.2017 13:52
У размове з парлямэнцкай камісіяй сын кіраўніка Эўрапейскай рады абраніў фразу, якая можа моцна ўдарыць па рэпутацыі бацькі.
Авакат Роман Гертых і Міхал Туск. Фота: PAP/Marcin ObaraPAP/Marcin Obara
Сын былога прэм’ера Польшчы Дональда Туска, Міхал Туск, быў выкліканы на допыт парлямэнцкай камісіі па справе фінансавай піраміды Amber Gold, якая развалілася напрыканцы 2012 году. Міхал Туск працаваў у дачыннай кампаніі фірмы Amber Gold – апэратары танных авіялініяў OLT Experess, якую падазраюць у адмываньні грошай.
Двухгадзінная дыскусія з дэпутатамі не дала ніякай істотна новай інфармацыі – піша газэта Rzeczpospolita. Сэнсацыяй допыту, аднак, стала фраза Міхала Туска пра кампанію, у якой ён працаваў. «Мы ведалі, што гэта «ліпа», – выказаўся сын былога прэм’ера Польшчы.
Пазьней ён апраўдваўся, што пад «мы» меў на ўвазе працаўнікоў OLT Experess, аднак гэтую фразу можна інтэрпрэтаваць такім чынам, што Дональд Туск ведаў пра фінансавыя махінацыі фірмы, у якой працуе яго сын. Дэпутаты кіроўнай польскай партыі «Права і справядлівасьць» атрымалі новую палітычную зброю, якую напэўна выкарыстаюць супраць свайго апанэнта – старшыні Эўрапейскай рады, былога прэм’ера і кіраўніка апазыцыйнай партыі «Грамадзянская плятформа» Дональда Туска, піша Rzeczpospolita.
Rzeczpospolita/ап