У Польшчы правядуць люстрацыю журналістаў
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
27.04.2017 16:36
Такую рэкамэндацыю агучыла Рада нацыянальных СМІ.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.pixabay.com/CC0
Рада нацыянальных СМІ заклікала кіраўнікоў дзяржаўных СМІ не прымаць на працу былых супрацоўнікаў камуністычных службаў, не наладжваць зь імі супрацоўніцтва й не дазваляць ім уплываць на зьмест праграмы, паведамляе Gazeta Polska Codziennie. «Нам неабходна адхрысьціцца ад ПНР», – заявіла дэпутатка кіроўнай кансэрватыўнай партыі «Права й справядлівасьць» (ПіС) і сябра Рады нацыянальных СМІ Яана Ліхоцка (Joanna Lichocka).
«Журналісты інфармуюць грамадзтва і ўплываюць на сьветапогляд. Таму гэта павінны быць прыстойныя людзі, у якіх не было дачыненьняў да такіх ганебных рэчаў як супрацоўніцтва з дэспатычным рэжымам, які змагаўся супраць свабоды слова», – заявіў у эфіры Польскага радыё намесьнік міністра культуры Яраслаў Сэлін (Jarosław Sellin).
У сваю чаргу дэпутатка Яана Ліхоцка зазначыла, што Рада нацыянальных СМІ ня мае права загадваць кіраўнікам грамадзкіх СМІ, але хоча, каб яны былі знаёмыя з пазыцыяй Рады. «Той факт, што былыя агенты службаў бясьпекі могуць уплываць на кшталт праграм грамадзкіх СМІ, парушае асноўныя прынцыпы этыкі», – заявіла Ліхоцка. «Калі немагчыма будзе звольніць гэтых людзей, то кіраўніцтва грамадзкіх СМІ павінна іх перасунуць на менш адказныя пасады, каб яны ня мелі ўплыву на праграмы», – падкрэсьліла дэпутатака ПіС.
Дакладна не вядома, колькі былых супрацоўнікаў камуністычных спэцслужбаў працуе на польскіх дзяржаўным радыё й тэлебачаньні.
яс