Польшча робіць стаўку на геатэрмальную энэргетыку
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
01.04.2017 09:10
Польшча ніколі не выдзяляла столькі грошай на разьвіцьцё геатэрмальнай энэргетыкі, як цяпер.
Photo: pixabyw.com
На геатэрмальную энэргетыку ў Польшчы ніколі не выдзялялася столькі грошай, як цяпер. Нацыянальны фонд аховы навакольнага асяродзьдзя й воднай гаспадаркі прапануе прадпрымальнікам 700 мільёнаў злотых у выглядзе датацый і крэдытаў. Да гэтага трэба дадаць 210 мільёнаў злотых з фондаў Эўразьвязу, які плянуе падтрымаць ня толькі геатэрмальную энэргетыку, але таксама бія- і сонечную энэргетыку, паведамляе выданьне „Puls Biznesu”.
„Мы лічым, што гэатэрмальны панэнцыял у Польшчы абсалютна невыкарыстаны. У гэтым аспэкце мы можам браць прыклад зь Ісьляндыі”, - кажа старшыня Нацыянальнага фонду аховы навакольнага асяродзьдзя й воднай гаспадаркі Казімеж Куйда (Kazimierz Kujda).
Паводле выданьня, параўнаньне Польшчы да Ісьляндыі адлюстроўвае рашучую зьмену стаўленьня ўладаў да геатэрмальнай галіны ў краіне. На думку прадстаўнікоў фонду, ахвотных інвэставаць у геатэрмальную энэргетыку ў Польшчы шмат.
З аптымізмам да справы ставіцца, напрыклад, старшыня прадпрыемства „Podhalańska geotermia” Войцех Ігнацак (Wojciech Ignacok), які плянуе самую глыбокую сьвідравіну ў гісторыі прадпрыемства. Ігнацак спадзяецца дасьвідравацца да вады, тэмпэратура якой сягае 130 градусаў Цэлься. Калі б гэта ўдалося, прадпрыемства магло б сур’ёзна задумацца над вытворчасьцю электраэнэргіі. Гэта быў бы першы гэткі выпадак у Польшчы.
Цяпер у краіне дзейнічае шэсьць геатэрмальных цепластанцыяў, у тым ліку адна прыватная ў Старгардзе (Stargard). Хоць чыстага прыбытку пакуль яшчэ няма, то старшыня Аркадыюш Бядульскі (Arkadiusz Biedulski) задаволены даходам, які дазваляе вяртаць запазычанасьць, паведамляе выданьне „Puls Biznesu”.
аз