Logo Polskiego Radia
Print

Улады будуць заахвочваць працоўных заставацца на рынку працы даўжэй

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 04.10.2016 14:37
Міністар працы: ранейшы выхад на пэнсію з увагі на стаж працы - нерэальная прапанова.
GotCredit/flickr.com

Спалучэньне дзьвюх прапановаў рэформы пэнсійнай сыстэмы, то бок зьніжэньня пэнсійнага ўзросту да 60 гадоў у выпадку жанчын і 65 гадоў у выпадку мужчынаў і магчымасьці ранейшага выхаду на пэнсію пры ўмове дасягненьня акрэсьленага стажу працы абышлося б дзяржаве вельмі дорага, кажа міністар па справах сям’і, працы й сацыяльнай палітыкі Эльжбета Рафальска (Elżbieta Rafalska).

Нагадаем, прафсаюзы ў Польшчы прапануюць увесьці магчымасьць выхаду на пэнсію мужчынаў з 40-гадовым працоўным стажам і жанчынаў, якія адпрацавалі 35 гадоў. Аднак міністар Эльжбета Рафальска пераконвае, што гэткай магчымасьці няма.

Эльжбета Рафальска: Бюджэт ня справіўся б з наступствамі гэткіх зьменаў. Таму мы ня бачым магчымасьці выкарыстаньня стажу працу (40 і 35 гадоў) у якасьці асобнага крытэра выхаду на пэнсію.

Паводле ацэнак дзяржаўнай Кампаніі сацыяльнага страхаваньня (ZUS), спалучэньне гэтых дзьвюх прапановаў прывяло б да таго, што толькі ў будучым годзе на пэнсію выйшла б у чатыры разы больш палякаў, чым сёлета.

Міністар Рафальска адзначыла, што ў цяпер улады распрацоўваюць стымулы для працоўных, каб пасьля дасягненьня пэнсійнага ўзросту яны надалей заставаліся на рынку працы.

Эльжбета Рафальска: Урад распрацоўвае гэткія заахвочваньні, якія дазвалялі б працаваць даўжэй і атрымаць вышэйшую пэнсію, зразумела, калі чалавеку на гэта дазваляе здароўе й асабістая сытуацыя. Пад увагу бярэцца шэраг інструмэнтаў, якія пасрэдна заахвочвалі б палякаў не пакідаць рынку працы.

Міністар Эльжбета Рафальска абяцала, што да канца верасьня ўрад зробіць высновы з грамадзкіх кансультацыяў, якія ў справе рэформы пэнсійнай сыстэмы з чэрвеня праходзяць па ўсёй Польшчы. Высновы будуць перададзеныя на міжведамаснае абмеркаваньне.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт