Logo Polskiego Radia
Print

Палякі хочуць жыць у Варшаве

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 01.06.2016 15:15
Да 41% вырасла доля жыхароў Варшавы ў агульнай лічбе іпатэчных крэдытаў у Польшчы.
Цэнтар ВаршавыЦэнтар ВаршавыФота: pixabay.com

Паводле Зьвязу польскіх банкаў, у першым квартале бягучага году палякі ўзялі амаль 45 тысяч іпатэчных крэдытаў на агульную суму 9 мільярдаў 400 мільёнаў злотых (2 мільярды 146 мільёнаў эўра). Крэдытаў было на 6% больш у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году, паведамляе выданьне „Gazeta Wyborcza”.

Кіраўнік Камітэта па справах фінансаваньня нерухомасьцяў Зьвязу польскіх банкаў Яцэк Фурга зьвяртае ўвагу на рост значэньня Варшавы ў структуры новых крэдытаў. За два апошнія гады яно вырасла з 25% да 41%.

„Гэта азначае, што амаль кожны другі крэдыт быў узяты на фінансаваньне куплі жыльля ў сталіцы й яе прыгарадзе”, - кажа Фурга. У той жа час упала колькасьць крэдытаў на куплю жыльля ў іншых гарадах Польшчы. Агульная доля іпатэчных крэдытаў, выдзеленых у такіх гарадах як Катавіцэ, Кракаў, Познань, Уроцлаў, Лодзь і балтыйскіх гарадах не перавышае 27% ад усіх такога роду пазыкаў у краіне.

Рост дамінуючай ролі Варшавы пацьвярджаюць таксама дадзеныя кансалтынгавай кампаніі „REAS”, датычныя ўзводжаных жыльлёвых інвэстыцыяў. У першым квартале бягучага году забудоўшчыкі здалі ў эксплёатацыю 5 тысяч 700 кватэраў, то бок амаль на 44% больш чым у мінулым годзе. Амаль 40% кватэраў, якія ўзводзяцца ў найбуйнейшых гарадох, знаходзіцца ў Варшаве.

„Варшава – гэта прывабнае месца для жыцьця, а ў сувязі з ростам рынку працы й самымі высокімі заробкамі ў краіне”, - кажа Катажына Куневіч (Katarza Kuniewicz) з кампаніі „REAS”. Яна падкрэсьлівае, што ў Варшаве кватэры часта набываюцца ў якасьці інвэстыцыі. Паводле дадзеных апытаньня, нават кожная пятая кватэра ў сталіцы набытая для здачы ў арэнду, чытаем у выданьні „Gazeta Wyborcza”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт