Польшча правядзе рэформу ваенна-прамысловага комплексу
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
29.04.2016 15:16
У бліжэйшы час польскія вытворцы зброі спадзяюцца падпісаць кантракты на 14 млрд эўра.
Photo: pixabay.com
Цяпер Польская група вытворцаў узбраеньня зьяўляецца кіроўнай кампаніяй многіх ваенных прадпрыемстваў у Польшчы. Аднак новыя ўлады групы плянуюць неўзабаве пераўтварыць яе ў канцэрн і ўзмацніць, між іншым, праз інвэстыцыі ў новыя тэхналёгіі. Асноўная мэта такіх захадаў – гэта прасьцейшая рэалізацыя заказаў ад польскай арміі. Цягам бліжэйшых 10 гадоў Польская група вытворцаў узбраеньня плянуе змагацца за кантракты на суму амаль 14 мільярдаў эўра, паведамляе выданьне „Puls Biznesu”.
Паводле часткі экспэртаў, пераўтварэньне групы ў канцэрн дапаможа скарыстацца міжнароднымі юрыдычнымі правіламі, якія дазваляюць заключаць непасрэдныя кантракты з арміяй. Тым ня менш, калі польскія ваенныя прадпрыемствы плянуюць выпускаць сучаснае ўзбраеньне, то павінны перш за ўсё інвэставаць у разьвіцьцё сучасных тэхналёгій.
„Мы пабудуем уласны цэнтар інавацыяў”, - заяўляе дырэктар аддзелу аналізаў й стратэгіі Польскай групы вытворцаў узбраеньня Шчэпан Руман (поль. Szczepan Ruman). Ён кажа таксама пра працяг супрацы з ВНУ й дасьледча-распрацоўчымі цэнтрамі.
Рухавіком разьвіцьця Польскай групы вытворцаў узбраеньня мае быць экспарт. Нагадаем, апошняя стратэгія разьвіцьця групы брала пад увагу больш за 2 мільярды 700 мільёнаў эўра даходу ў год, у тым ліку палову з экспарту. „Гэтыя паказчыкі (датычныя экпарту – рэд.) надалей бяруцца пад увагу ў новай стратэгіі, але Польская група вытворцаў узбраеньня плянуе засяродзіцца на працы на карысьць бясьпекі сваёй дзяржавы”, - кажа Шчэпан Руман у размове з выданьнем „Puls Biznesu”.
аз