Мэр Варшавы запрасіў Франса Цімэрманса на Дзень Эўропы
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
20.04.2016 16:13
У гэты дзень апазыцыя плянуе арганізаваць у польскай сталіцы вялізную дэманстрацыю.
Photo: PAP/Rafał Guz
Мэр Варшавы запрашае віцэ-старшыню Эўракамісіі Франса Цімэрманса (Frans Timmermans) да ўдзелу ў Парадзе Шумана й Эўрапейскім канцэрце, якія 7 траўня, то бок у Дзень Эўропы, плянуюцца ў польскай сталіцы. Пра гэта Ганна Гранкевіч-Вальц паведаміла на сваім профілі ў Твітэры.
Нагадаем, у той жа дзень у Варшаве парлямэнцкая апазыцыя й Камітэт абароны дэмакратыі плянуюць арганізаваць вялізнае шэсьце ад сядзібы Канстытуцыйнага суду да плошчы імя Пілсудскага.
Франс Цімэрманс знаходзіўся ў Польшчы 5 красавіка ў рамках працэдуры Эўракамісіі, зьвязанай з крызысам вакол Канстытуцыйнага суду. Тады віцэ-старшыня Эўракамісіі сустрэўся з прадстаўнікамі ўраду й старшынём Канстытуцыйнага суду Анджэям Жэпліньскім (поль. Andrzej Rzeplińskim).
Пасьля перамоваў ён выказаў надзею наконт таго, што праз два тыдні будзе мець магчымасьць зноў наведаць Варшаву.
Учора міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі (поль. Witold Waszczykowski) ня выключыў, што Цімэрманс у Польшчу прыедзе, але дадаў, што гэтае пытаньне з польскім бокам афіцыйна не абмяркоўвалася.
аз