Logo Polskiego Radia
Print

Усё больш палякаў мяняе пастаўшчыка электраэнэргіі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 12.04.2016 12:43
Экспэрты: Варта старанна праверыць, ці пасьля зьмены сапраўды будзем плаціць менш.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакpixabay.com/Public Domain CC0

Цягам першых двух месяцаў бягучага году пастаўшчыкоў электраэнэргіі памянялі больш за 24 тысячы кліентаў. Большасьць зь іх, то бок амаль 15 тысяч – гэта прыватныя кліенты, астатнюю частку складаюць кампаніі.

Зьмяніць пастаўшчука электраэнэргіі палякі могуць зь ліпеня 2007 году. З гэтага часу да канца лютага 2016 году гэткай магчымасьцю скарысталіся больш за 570 тысяч спажыўцоў, зь якіх 406 тысяч – гэта хатнія гаспадаркі й амаль 168 тысяч – фірмы, - кажа Бэата Дэмбска (пол. Beata Dembska) з Упраўленьня па рэгуляваньні энэргетыкі.

Бэата Дэмбска: У Польшчы каля 16 мільёнаў атрымальнікаў электраэнэргіі. Тады гэтыя 570 тысяч, складае 3,4% ад усіх спажыўцоў. Можа, гэта пакуль няшмат, але іх колькасьць пастаянна расьце.

Бэата Дэмбска заахвочвае асобы, зацікаўленыя зьменай пастаўшчыка электраэнергіі, наведаць старонку: www. maszwybor.ure.gov.pl

Бэата Дэмбска: Там можна пралічыць кошт паслуг розных пастаўшчыкоў электраэнэргіі ў Польшчы. Аднак я нагадаю, што пры дапамозе старонкі можна праверыць гадавы кошт паставак. Тым часам пастаўшчыкі часта прапануюць кліентам заключыць дамову на некалькі гадоў.

Памяняць пастаўшчыка электраэнэргіі ў Польшчы можна бясплатна. Спажывец выбірае пастаўшчыка й заключае зь ім дамову, якая ўступае ў сілу з даты заканчэньня тэрміну дзеяньня папярэдняй дамовы.

Тым ня менш, экспэрты перасьцерагаюць: неабходна старанна праверыць, ці пасьля зьмены на самой справе будзем плаціць менш.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт