Logo Polskiego Radia
Print

Чарговы выпадак сьмерці каня ў Янаве Падляскім

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 03.04.2016 12:33
Здохла кабыла, якая належыць жонцы чальца гурту Rolling Stones.
pixabay.com

Агенцтва сельскагаспадарчай нерухомасьці высьвятляе абставіны сьмерці кабылы Амры на заводзе гадоўлі арабскіх коней у Янаве Падляскім. Кабыла, якая належыць жонцы чальца гурту Rolling Stones Шырлі Ўотс, здохла верагодней за ўсё ў выніку завароту кішачніка.

Жывёлу не ўдалося выратаваць, нягледзячы на неадкладную вэтэрынарную дапамогу на месцы й апэрацыю ў клініцы ў Варшаве. Невядома, што сталася прычынай хваробы.

Кошт кабылы Амры складаў больш за 340000 эўра. Яна знаходзілася ў Янаве Падляскім у рамках дамовы арэнды. Учора міністар сельскай гаспадаркі Кшыштаф Юргель зьвярнуўся да Генэральнага пракурора з просьбай ахапіць асабістым наглядам сытуацыю ў Янаве Падляскім.

Нядаўнія падзеі на конезаводзе нэгатыўна ўплываюць на яго імідж. За апошні час гэта ўжо трэці выпадак сьмерці коней на заводзе. У выніку завароту кішачніка ў апошнія месяцы памерлі ў Янаве дзьве іншыя кабылы, між іншым чэмпіёнка сьвету Pianissima. Пракуратура ўзбудзіла сьледзтва.

ІАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт