Logo Polskiego Radia
Print

Польская сялянская партыя заклікала адмяніць санкцыі ЭЗ супраць Расеі

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 02.04.2016 19:59
Польская сялянская партыя лічыць, што ў выніку санкцый найбольшыя страты нясуць менавіта польскія сяляне.
pixabay.com/Public Domain CC0

Польская сялянская партыя (Polskie Stronnictwo Ludowe - PSL) выступіла за адмену эўрапейскіх санкцый у дачыненьні да Расеі. Такое рашэньне было прынята на пасяджэньні Вышэйшай рады партыі, якое прайшло ў Варшаве ў суботу, 2 красавіка.
Польская сялянская партыя да восені ўваходзіла ў склад урадавай кааліцыі: цягам васьмі гадоў яна стварала ўрад Польшчы разам з права-цэнтрысцкай «Грамадзянскай плятформай».

Пасля пасяджэньня кіраўнік партыі Ўладзіслаў Касіняк-Камыш (Władysław Kosiniak-Kamysz) адзначыў, што ў выніку расейскага эмбарга на прадукты харчаваньня з Эўразьвязу, уведзенага Масквой у адказ на эўрапейскія санкцыі, найбольшыя страты нясуць польскія аграрыі. Паводле яго слоў, абавязкам польскага ўрада зьяўляецца клопат пра польскіх сялян.

«Палітычныя пытаньні паміж ЭЗ і Расеяй ня вырашаныя вось ужо некалькі гадоў, і ад гэтага церпяць польскія аграрыі й прадпрымальнікі. Неабходна эмбарга адмяніць, а палітычныя пытаньні вырашаць інакш», – сказаў старшыня Польскай сялянскай партыі.

Эўрапейскія санкцыі супраць Расеі былі ўведзены ў 2014 годзе пасьля анэксіі Крыма. У адказ на гэта Масква абмежавала гандлёвыя адносіны з краінамі-чальцамі Эўразьвязу і ўвяла эмбарга на харчовыя тавары з краін ЭЗ.
Паводле падлікаў Эўракамісіі, страты Польшчы ў выніку эмбарга на сельгаспрадукцыю складаюць каля 850 млн эўра. Да гэтага трэба дадаць страты транспартных кампаній (22 млн эўра паводле дадзеных на вясну 2015 года), якія страцілі рынак перавозак прадуктаў харчаваньня і сельгаставараў.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт