Газапорт спазьняецца на два гады
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
15.09.2015 13:40
На пачатак тэрмінал у Сьвінауйсьці зможа прымаць да 5 млрд кубамэтраў газу.
wikipedia.org
Тэрмінал звадкаванага газу ў Сьвінауйсьці будзе ўведзены ў эксплёатацыю з двухгадовым спазьненьнем. Паводле дамовы, якую польскі бок у 2010 годзе заключыў зь італьянскім кансорцыюмам „Saipem”, газапорт павінен быць здадзены ў камэрцыйную эксплёатацыю да канца чэрвеня 2014 году.
Паводле афіцыйнай заявы дзяржаўнага прадпрыемства „Polskie LPG”, яшчэ сёлета ў газапорт прыплыве першае судна са звадкаваным газам.
Тэрмінал першапачаткова зможа прымаць да 5 млрд кубамэтраў газу, то бок амаль трэць „блакітнага паліва”, якое Польшча выкарыстоўвае цягам году.
З-за спазьненьня італьянцы не атрымаюць дадатковай аплаты, якой яны патрабавалі ў моманце заканчэньня інвэстыцыі.
Цяпер праект рэалізаваны на 98,2 працэнта. На практыцы, будаўніцтва тэрмінала закончылася, а выканаўца патрабуе час на правядзеньне праверкі й атрыманьне неабходных тэхнічных дазволаў.
Газ для запуску тэрмінала прадпрыемства „Polskie LPG” купіць у Польскай нафта-газавай кампаніі (PGNiG), якая ў 2009 годзе заключыла зь фірмай „Qatargas”20-гадовы кантракт на пастаўкі 1,5 млрд кубамэтраў звадкаванага газу ў год.
Для будаўніцтва тэрмінала ў Свінауйсьці Польшча атрымала ад Эўразьвязу каля 1 мільярда злотых. Грошы павінны быць выдаткаваныя да канца 2015 году. Аднак, паводле неафіцыйных інфармацыяў, Брусэль абяцаў, што, нягледзячы на спазьненьні ў рэалізацыі інвэстыцыі, Польшча ня страціць гэтых сродкаў.
У сваю чаргу канцэрн PGNiG патрабуе сацыялізацыі коштаў эксплёатацыі тэрмінала, то бок разьмеркаваньня іх паміж усімі спажыўцамі газу.
Менавіта такую сыстэму, са згодай Эўракамісіі, увяла Летува, якая ў сьнежні мінулага году пачала камэрцыйную эксплёатацыю свайго газапорту ў Клайпедзе.
аз