Палякі прадалі арабскіх коней на 4,5 мільёна эўра
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
25.08.2015 16:31
Самым дарагім канём аказалася кабыла Пэпіта зь Янава Падляскага.
flickr.com
Больш за 4,5 мільёна эўра заплацілі сёлета пакупнікі за польскіх арабскіх коней. Толькі падчас аўкцыёну „Pride of Poland”, які прайшоў тыдзень таму, агульная сума ад продажу пародзістых жывёл склала 3 млн 995 тыс эўра. У сваю чаргу падчас гэтак званага „ціхага продажу” былі прададзеныя яшчэ 27 коней.
Агульная сума, якую сёлета палякі атрымалі за сваіх пародзістых коней, склала 4 мільёны 595 тысяч 500 эўра.
Дырэктар конезаводу ў Міхалове Ежы Бялобак адзначае, што сёлетні аўкцыён стаў рэкордным.
Ежы Бялобак: Гэткага аўкцыёну не было цягам апошніх 15-20 гадоў. Зразумела, раней мерапрыемствы праходзілі ў зусім іншых эканамічных умовах. Тым ня менш, настолькі ўдалага аўкцыёну я ня памятаю, а гэта быў ужо мой 38-ы па ліку аўкцыён. Гэта шмат часу.
Самым дарагім канём у гэтым годзе аказалася 10-гадовая кабыла Пэпіта з конезаводу ў Янаве Падляскім.
Яна была прададзена за 1 мільён 400 тысяч эўра. Гэта самы дарагі конь у гісторыі польскай конегадоўлі.
аз