Складаная сытуацыя вытворцаў чорнай парэчкі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
28.07.2015 16:00
На працягу чатырох гадоў закупачная цана парэчкі ўпала з 4 злотых да 40 грошаў.
Міністэрства сельскай гаспадаркі распрацоўвае плян дапамогі вытворцам чорнай парэчкі ў Польшчы. На працягу чатырох гадоў закупачная цана на ягаду ўпала з 4 злотых да 40 грошаў (у пераводзе гэта прыкладна з 1 эўра да 10 эўрацэнтаў).
Да гэтай пары Польшча была вядучым вытворцам і экспартэрам згаданай ягады ў сьвеце. На мінулым тыдні ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі прайшлі перамовы па гэтым пытаньні.
Міністар Марэк Савіцкі нагадвае, што Сэйм працуе над законам аб арганізацыі рынкаў. Ён прадугледжвае ўвядзеньне абавязковых кантрактаў паміж вытворцамі й пасярэднікамі ды перапрацоўшчыкамі парэчкі.
Марэк Савіцкі: Гэтыя абавязковыя дамовы павінны зрабіць парадак на рынку. Калі гаворка ідзе пра парэчкі, то плянтацыі ягады ў Польшчы займаюць плошчу каля 35 тысяч гектараў. Тым часам аптавікі сьцьвярджаюць, што эўрапейскі рынак можа закупіць ня больш як адну трэцюю ўраджаю.
Міністар Савіцкі падкрэсьлівае, што ўрад ня можа выплаціць вытворцам кампэнсацыі за страты бяз згоды Эўракамісіі.
Марэк Савіцкі: Плянтатарам варта задумацца, ці замест чорнай парэчкі не вырошчваць амэрыканскія буякі й бружмель сіні, на якія попыт у сьвеце пастаянна павялічваецца. Мы хочам супольна з вытворцамі шукаць спосабаў на зьмену роду вытворчасьці.
Вытворцы кажуць, што з-за нізкіх цэн нават 40 адсоткаў ураджаю чорнай парэчкі можа заставацца на кустах.
аз