„LOT” страціў пазыцыю лідара на польскім авіярынку
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
03.03.2015 14:35
Нацыянальны авіяперавозчык праіграў ірляндзкай бюджэтнай авіякампаніі „Ryanair”.
„LOT” страціў сваю лідыруючую пазыцыю на польскім авіярынку. Польскія дзяржаўныя авіялініі праігралі ірляндзкай бюджэтнай авіякампані „Ryanair”. Сёлета польскую авіякампанію плянуе апярэдзіць таксама вугорскі авіяперавозчык - „Wizz Air”, які толькі што дэбютаваў на Лёнданскай фондавай біржы.
У мінулым годзе „Wizz Air” перавёз амаль 14 мільёнаў пасажыраў, а паслугамі „Ryanair” скарысталіся ажно 86 мільёнаў 400 тысячаў чалавек . Хоць у глябальным маштабе кампаніі „Wizz Air” яшчэ далёка да „Ryanair”, то ў Польшчы яны праводзяць сапраўдную бітву за кліентаў.
Пакуль перамагае „Ryanair”, які ў 2013 годзе быў самым буйным перавозчыкам у Польшчы й выйграў з вугорцамі цэнавую вайну ў аэрапорце „Модлін” ля Варшавы. І хоць кампанія „Wizz Air” была прымушана пераехаць на лётнішча „Шапэна” ў Варшаве, то, па-ранейшаму, мае вялікія пляны адносна Польшчы.
Пакуль вугорцы – гэта трэці авіяперавозчык у Польшчы. Дадзеныя Офіса грамадзянскай авіяцыі за першы квартал мінулага году сьведчаць пра тое, што паслугамі вугорскіх авіялініяў скарысталіся 3 мільёны 415 тысячаў пасажыраў.
„LOT” знаходзіцца на другім месцы – 4 мільёны 484 тысячы пасажыраў. Але з-за дзяржаўнай дапамогі нацыянальны авіяперавозчык мае абмежаваныя магчымасьці разьвіцьця. Да канца кастрычніка кампанія павінна быць рэарганізаваная, а новыя маршруты можа адкрыць толькі ў будучым годзе.
Між тым, „Ryanair” і „Wizz Air” могуць выбіраць сярод шматлікіх прапановаў польскіх аэрапортаў. Цяпер „Wizz Air” карыстаецца пяцьцю аэрапортамі: ў Гданьску, Познані, Катавіцэ, Варшаве і Ўроцлаве. Самалёты вугорцаў лётаюць таксама зь Любліна й Шчэціна. Агулам у Польшчы „Wizz Air” прапануе рэйсы па 107 маршрутах.
аз