Плянуецца разбудова газапорту ў Сьвінауйсьці
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
28.10.2014 14:28
Польшча хоча прадаваць звадкаваны газ іншым тэрміналам у рэгіёне й запраўляць судны, якія плаваюць па Балтыйскім моры.
Terminal LNG w budowie., foto: Gaz-System.
„Polskie LPG” – фірма, якая рэалізуе праект будаўніцтва тэрміналу звадкаванага газу ў Сьвінауйсьці (узьбярэжжа Балтыйскага мора), ды польскі дзяржаўны нафтагазавы канцэрн PGNiG падпісалі ліст аб намерах адносна супрацы па разбудове тэрміналу. Дадаткова бакі бяруць пад увагу інвэстыцыі, якія ў будучыні дазволяць на перагрузку паліва з буйных танкераў на меншыя судны, пастаўкі „блакітнага паліва” ў іншыя тэрміналы, а таксама запраўку суднаў.
Адной з ключавых тэмаў перамоваў будзе магчымасьць будаўніцтва трэцяга газасховішча. Нагадаем, у межах цяперашняй інвэстыцыі будуюцца два газасховішчы, якія дазволяць прымаць каля 5 мільярдаў кубамэтраў газу ў год.
На сёньня Польшча выкарыстоўвае каля 15 мільярдаў кубічных мэтраў газу ў год. У выніку разбудовы тэрміналу палякі змаглі б атрымліваць каля паловы сваіх патрэбаў на газ амаль з усіх куткоў сьвету, дзе вырабляецца звадкаваны газ.
Аднак магчымая разбудова тэрміналу зьвязаная з адтэрмінаваньнем яго здачы ў эксплюатацыю да сярэдзіны будучага году. Гэта для канцэрну PGNiG немалая праблема. Паводле заключанай раней дамовы, цягам бліжэйшых 20 гадоў канцэрн „Qatargas” павінен паставіць у Сьвінауйсьце 1,5 мільярдаў кубамэтраў газу ў год. Першы танкер павінен прычаліць у польскі порт на пачатку 2015 году. Цяпер польскі бок праводзіць перамовы адносна зьмены графіку паставак катарскага паліва.
Паводле экспэртаў, ліст аб намераx, падлісаны фірмай „Polskie LPG” і канцэрнам PGNiG, — гэта крок у слушным напрамку. Тэрмінал у Сьвінауйсьці мае шанец стаць рэгіянальным лідарам па пастаўках альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі.
аз