„Ланцуг братэрства й еднасьці” ў Крушынянах
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
05.07.2014 10:17
„Ланцуг братэрства й еднасьці” ахопіць сёньня апаганеную вандаламі мячэць у Крушынянах на ўсходзе Польшчы.
foto:wikipedia
Апоўдні ўсе жадаючыя, трымаючыся за рукі, „абдымуць” мячэць, каб такім чынам аказаць падтрымку татарскай меншасьці ў Польшчы. Гэты жэст салідарнасьці ініцыяваў падляскі ваявода Мацей Жыўна.
М.Жыўна: Для нас вельмі важнай зьяўляецца шматкультурнасьць нашага рэгіёну. Мы ня ведаем, хто зрабіў гэты ганебны ўчынак, але хочам, каб стала ўсім вядома, што мы асуджаем такія дзеяньні.
Адбудзецца таксама экумэнічная малітва.
Старшыня мусульманскай рэлігійнай суполкі ў Крушынянах Браніслаў Талькоўскі лічыць, што гэты жэст павінен прамовіць да тых, хто дрэнна ставіцца да татарскай меншасьці.
Б.Талькоўскі: Гэта выраз спагады для нас і дэманстрацыя, што ўсялякага роду вандалізм, ня толькі супраць нас, але й супраць іншых сакральных аб’ектаў, асуджаецца. Гэта пасыл тым, хто па-іншаму глядзіць на сьвет, на рэлігію, на меншасьці, і што ня трэба змагацца супраць нас, а мы просім шанаваць нашую культуру.
Татарская суполка ў Крушынянах атрымлівае выразы спагады з усяе Польшчы й з-за мяжы ад людзей, якія асуджаюць напад на мячэць і татарскія могілкі.
Абразьлівыя надпісы на мячэці зьявіліся ў мінулую нядзелю. Невядомыя зламысьнікі памазалі таксама намагільныя пліты на мясцовых могілках. Падляскія фірмы хутка й бясплатна направілі зьнішчэньні.
яс