Дэградацыя маральных нормаў
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
28.06.2014 14:50
Аніводзін удзельнік "стужкавага скандалу" не папрасіў прабачэньня за тое, што плаціў за алькаголь дзяржаўнымі сродкамі.
Выданьне Rzeczpospolita вяртаецца да скандалу, зьвязанага з падслухоўваньнем і запісываньнем размоваў высокапастаўленых чыноўнікаў. На гэты раз яна разважае над пытаньнем аплаты за вячэры ў рэстаранах. Іх удзельнікі заплацілі за багата застаўлены стол дзяржаўнымі грошамі. А цэны страваў не былі малыя. Напрыклад, вячэра міністра ўнутраных спраў і старшыні Нацыянальнага банку каштавала – у пераліку са злотых – амаль 500 даляраў, у тым ліку больш за палову склаў кошт дарагіх алькагольных напояў.
Ці гэта былі дзелавыя сустрэчы? З аднаго боку чыноўнікі абмяркоўвалі на іх пытаньні, зьвязаныя з функцыянаваньнем дзяржавы, але калі іх папракаюць вульгарнай моваю, якой яны карысталіся, то адказваюць, што гэта ж былі прыватныя размовы.
Калісьці Грамадзянская плятформа шумела, калі хтосьці з партыі Права і справядлівасьць заплаціў 8,5 зл. за траску службовай картачкай. Цяпер жа яе палітыкі плацяць непараўнальна больш за алькаголь, а просяць прабачэньня толькі за сваю брыдкую мову.
Прафэсар псыхалёгіі Януш Чапіньскі мяркуе, што палітыкі павінны заплаціць з уласнай кішэні за гэтыя вячэры, хаця б цяпер унесьці ў казну адпаведныя сумы. І шкадуе, што яшчэ аніводзін удзельнік скандалу гэтага не зрабіў.
Rzeczpospolita/нг