Logo Polskiego Radia
Print

Польшча супраць тытунёвай дырэктывы ЭЗ

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 10.06.2014 14:00
Польскі бок хоча абскардзіць тытунёвую дырэктыву ў Судзе Эўразьвязу.

Польскі віцэ-прэм’ер і міністар эканомікі Януш Пехаціньскі падтрымлівае ідэю ўнясеньня Польшчай скаргі на тытунёвую дырэктыву ў Суд Эўразьвязу. Зараз Міністэрства замежных спраў працуе над абгрунтаваньнем гэткай скаргі.

Януш Пехаціньскі заяўляе, што пытаньне тытунёвай дырэктывы будзе абмяркоўвацца падчас аднаго зь бліжэйшых паседжаньняў Рады міністраў.

Адначасова міністар эканомікі тлумачыць, што яго ведамства не заахвочвае палякаў курыць.

Януш Пехаціньскі: Тыя, хто ўжо курыць, павінны мець магчымасьць выбіраць паміж усімі высокаякаснымі відамі цыгарэтаў. Адначасова ў рамках адзінага эўразьвязаўскага рынку ня можа быць дыскрымінацыі нейкіх відаў вытворчасьці.

Паводле прынятага ЭЗ закона, з 2020 году ў сяброўскіх краінах будзе забаронены продаж цыгарэтаў з мэнтолам. Супраць гэтага пратэстуе польскі ўрад. Паводле польскіх чыноўнікаў, Эўразьвяз перавысіў свае паўнамоцтвы й выкарыстаў няправільную прававую аснову для ўвядзеньня такіх абмежаваньняў.

Кожная шостая цыгарэта, якую кураць палякі, гэта цыгарэта з мэнтолам – агулам гэта 10 млрд. штук у год з 60 мільярдаў прадукаваных польскай тытунёвай прамысловасьцю. У Вялікабрытаніі ці Нямеччыне цыгарэты з мэнтолам не такія папулярныя. Там іх прадаецца менш за 3 мільярды.

Паводле ацэнак Асацыяцыі прадпрымальнікаў і працадаўцаў, 60 тысячаў асобаў у Польшчы займаецца вырошчваньнем тытуню ў амаль 15 тыс. фэрмэрскіх гаспадарках.

Агулам у Эўропе дзейнічае 31 тытунёвая фабрыка, у тым ліку 6 зь іх у Польшчы.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт