Logo Polskiego Radia
Print

Беспрацоўе па выбару?

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 13.05.2014 15:27
Беспрацоўныя ёсьць у кожнай чацьвёртай польскай сям’і.

Паводле Галоўнага статыстычнага ўпраўленьня (GUS), у сакавіку ўзровень беспрацоўя склаў 13,5%. У службах занятасьці былі зарэгістраваныя 2 мільёны 200 тысячаў чалавек. Рашучая большасьць зь іх, то бок 86% ня мела права на сацыяльную дапамогу па беспрацоўі. Гэтыя асобы могуць заставацца ў сьпісах службаў занятасьці многія гады. Гэта статыстыка.

У сваю чаргу, паводле апытаньня, праведзенага Цэнтрам дасьледаваньня грамадзкай думкі (CBOS), у кожнай чацьвёртай польскай сям'і ёсьць беспрацоўныя й тыя, хто шукае працу. Асобы, якія лічаць сябе беспрацоўнымі складаюць 13% дарослых палякаў. Апрача таго, амаль траціна рэспандэнтаў заяўляе, што яны былі беспрацоўнымі ў мінулым.

Амаль тры пятыя людзей, якія называюць сябе беспрацоўнымі (58%), прызнаюць, што бяз працы яны застаюцца больш за год. Большасьць беспрацоўных (55%) - зарэгістраваныя ў службах занятасьці. Дарэчы ў мінулым годзе іх колькасьць вырасла на 4%.

Як паказвае дасьледаваньне, асноўная крыніца ўтрыманьня беспрацоўных - гэта, нязьменна, фінансавая падтрымка сям'і (66%). Але апошнім часам гэтую форму падтрымкі называюць менш апытаных, чым год таму (на 5% менш). Часьцей, чым у мінулым годзе, беспрацоўныя зарабляюць часовымі падпрацоўкамі (29%). Кожны восьмы апытаны жыве за назапашаныя раней грошы (13%). Столькі ж асобаў карыстаецца сацыяльнай дапамогай, дапамогай дабрачынных арганізацыяў і Касьцёла.

Сярод тых, хто называе сябе беспрацоўнымі, 23% наогул не шукае працы, а 25% - ня хочуць працаўладкавацца ў бліжэйшым часе.

Паводле Цэнтра дасьледаваньня грамадзкай думкі, беручы пад увагу выключна асобы гатовая пачаць працу як мага хутчэй і зарэгістраваная ў службах занятасьці, статус беспрацоўнага можна прызнаць кожнаму шаснаццатаму даросламу паляку (6%).

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт