Кітайцы гарантуюць разьвіццё „Сталёвай Волі”
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
15.04.2014 15:30
У кампаніі працуе каля 1,5 тыс. чалавек.
Прадстаўнікі кітайскай кампаніі „LiuGong Poland” запэўніваюць, што нягледзячы на крызыс, яны не адмовяцца ад плянаў разьвіцьця машынабудаўнічага завода ў Сталёвай Волі. Гэта адна з найбуйнейшых кітайскіх інвэстыцыяў у Польшчы.
У 2012 годзе кітайцы купілі палову мэталюргічнага завода „Сталёва Воля”, якая адказвае за вытворчасьць грамадзянскай часткі прадукцыі. Вайсковая частка засталася ў руках дзяржавы.
Тады яны абяцалі, што на працягу 5 гадоў павялічаць вытворчасьць будаўнічых машынаў да 3 тысячаў адзінак у год. Аднак крызыс на будаўнічым рынку закрануў таксама кітайскага інвэстара.
Віцэ-старшыня канцэрну „LiuGong Poland” Юба Хо (Yubo Hou) кажа, што ўжо бачныя некаторыя сымптомы паляпшэньня каньюнктуры.
Юба Хо: У такой складанай сытуацыі фірма, дзякуючы нашым намаганьням, выжыла крызыс. Цяпер бачныя некаторыя станоўчыя рынкавыя сыгналы. Мы надалей ставімся да будучыні аптымістычна й працягваем розныя раней прынятыя інвэстыцыйныя пляны.
Кітайцы па-ранейшаму намерваюцца стварыць у Сталёвай Волі Эўрапейскі цэнтар дасьледаваньняў і распрацоўкі будаўнічай тэхнікі. Таксама яны абяцаюць, што ў канчатковым выніку ўся зборка машынаў будзе адбывацца з польскіх кампанэнтаў.
Юба Хо: Мы хацелі б таксама разьмясьціць усю вытворчасьць у Сталёвай Волі. Гэта азначае, што большасьць запчастак будзе польскай вытворчасьці.
Адначасова „LiuGong Poland” у рамках праграмы аптымізацыі працоўных рэсурсаў абвясьціў праграму добраахвотных звальненьняў супрацоўнікаў. У кампаніі працуе каля 1,5 тыс. чалавек.
аз