Logo Polskiego Radia
Print

„Ryanair” уваходзіць на польскі рынак авіяперавозак

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 08.04.2014 15:30
Авіялініі будуць прывабліваць пасажыраў таннымі квіткамі.

photo
photo - Arpingstone/Wikimedia Commons/cc

На мінулым тыдні на польскім рынку ўнутраных авіяперавозак дэбютавала ірляндзкая авіякампанія „Ryanair”. Цяпер з падваршаўскага аэрапорта „Модлін”, а гэта цэнтральная частка краіны, можна будзе паляцець на поўнач і поўдзень Польшчы – у Гданьск і Кракаў.

Гэта першая пасьля паразы бюджэтных авіялініяў „OLT- Express” спроба абмежаваньня манаполіі дзяржаўнай авіякампаніі „LOT” на ўнутраным рынку авіяперавозак.

Карыстацца паслугамі „Ryanair” пасажыраў павінны заахвоціць танныя квіткі.

Паводле старшыні аэрапорта „Модлін” Пятра Акенчыца, прывабны кошт білетаў пераадолее мала зручны даезд з Варшавы. Акенчыц прызнае, што ў некаторыя дні, каб даехаць са сталіцы ў аэрапорт, даволі доўга даводзіцца стаяць у корках.

Нагадаем, пасажыры могуць даехаць да „Модліна” як на аўтамабільным, так і чыгуначным транспарце.

Чарговыя два маршруты — з Уроцлава й Кракава ў Гданьск — авіялініі „Ryanair” плянуюць запусьціць у ліпені. Паводле экспэрта па пытаньнях авіяцыі Марэка Сэрафіна, менавіта яны будуць найбольш рэнтабельнымі для ірляндзкага перавозчыка.

Тым часам прадстаўнікі дзяржаўнай авіякампаніі „LOT”, якая да гэтай пары ажыцьцяўляла рэгіянальныя палёты, лічаць, што ўваход на польскі рынак „Ryanair” ня будзе азначаць для іх кампаніі стратаў.

Старшыня кампаніі Сэбатыян Мікош лічыць, што „Ryanair” — гэта слабы супернік. Прадстаўнік „LOT” пераконвае, што цяпер за кошт квітка важнейшы агульны кошт палёту. Таму, паводле яго, падсумаваньне ўсіх выдаткаў можа быць для „Ryanair” некарысным.

Авіялініі „Ryanair” зьяўляюцца адзіным рэгулярным перавозчыкам, які карыстаецца аэрапортам у Модліне.

З моманту адкрыцьця аэрапорту ў ліпені 2012 года ім скарысталіся больш за 1,5 мільёна пасажыраў.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт