Кіроўцы стаяць у заторах і трацяць грошы
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
18.03.2014 16:20
Коркі абыходзяцца польскай эканоміцы ў 3,5 млд злотых у год, - гэтак вынікае з рапарту аб заторах у сямі буйнейшых гарадах Польшчы.
PAP/R.Pietruszka
Гэта значыць, што сярэднестатыстычны паляк з-за ўскладненьняў руху губляе 1 тысячу даляраў штогод.
Варшаўскія кіроўцы пацьвярджаюць, што ў корках трацяць нэрвы, час і грошы.
Сярод дасьледаваных гарадоў найгоршая сытуацыя ў Кракаве, кажа Рафал Мікалайчык зь фірмы targeo.pl, якой належыць партал з мапамі і інфармацыяй пра сытуацыю на дарогах. „У Кракаве кіроўцы ў заторах у сярэднім стаяць 7 гадзін 43 хвіліны ў месяц.”
Найлепшыя месцы ў рэйтынгу занялі Катавіцэ і Гданьск. Там кіроўцы стаяць у корках менш за 5 гадзін у месяц.
Прычыны затораў – разнародныя: дрэнны гарадзкі транспарт, адсутнасьць сынхроннай працы сьветлафораў, а таксама самі кіроўцы, адзначае Рафал Антчак з дарадчыцкай фірмы Deloitte, якая падрыхтавала рапарт.
"Пастаянныя правіны кіроўцаў наступныя: яны блякуюць скрыжаваньне, а паліцыя на гэта не рэагуе. Таксама паркаваньне машын на дарозе. Часам гэта дазваляецца правіламі дарожнага руху, аднак, па-мойму, гэта сумнеўна, бо дарога служыць для перамяшчаньня машын, а не для паркоўкі."
Аўтараў рапарту прыемна зьдзівіла Варшава, якая яшчэ нядаўна мела найбольш непраездныя дарогі. Цяпер сталіца заняла чацьвёртае месца сярод дасьледаваных польскіх гарадоў.
яс